2011-10-14 16:36:13

У Беларусі адзначаюць 415 гадоў Брэсцкай уніі


RealAudioMP3 16-18 кастрычніка грэка-каталіцкія парафіі і супольнасці Беларусі будуць адзначаць 415-ю гадавіну Брэсцкай царкоўнай уніі. Яна была абвешчана падчас Царкоўнага сабора, які прайшоў 23 снежня 1596 г.

“У гэтыя дні Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква кожны год асаблівым чынам перажывае і асэнсоўвае сваю лучнасць са Святым Айцом Папам Рымскім і з усёй Каталіцкай Царквой”, - адзначаецца ў спецыяльным пасланні Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека.

“16 кастрычніка, у грэка-каталіцкіх парафіях у Беларусі вернікі будуць асаблівым чынам маліцца за Яго Святасць Папу Бэнэдыкта XVI і за Яго Прадстаўніка ў Беларусі Апостальскага нунцыя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці”, - гаворыцца ў пасланні.

Іерарх звяртае таксама ўвагу на тое, што ў гэтыя дні Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква ўзгадвае аб пастырскім візіце ў Беларусь прэфекта Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў кардынала Сільвестрыні, які адбыўся 15 год таму.

“Гэтыя памятныя дні з’яўляюцца для беларускіх грэка-католікаў добрай нагодай для духоўнага разважання, руплівай і нястомнай малітвы, каб Святы Дух напоўніў усіх душпастыраў і вернікаў новай сілай неабходнай для пастырскай дзейнасці і хрысціянскага сведчання ў грамадстве на Бацькаўшчыне”, - адзначаецца ў пасланні архімандрыта Гаека.








All the contents on this site are copyrighted ©.