2011-10-14 09:07:17

Кардынал Маркс: Касцёл – рухавік грамадскіх перамен


RealAudioMP3 Тры тыдні мінула пасля Апостальскага падарожжа Бэнэдыкта XVI у Германію. З гэтай нагоды кардынал Рэйнхард Маркс, арцыбіскуп Мюнхена і Фрайзінга, у сваім артыкуле, апублікаваным у сённяшнім нумары “L’Osservatore Romano”, звяртае ўвагу на дзве прамовы Святога Айца скіраваныя падчас гэтага візіта, да розных асяродкаў, але, тым не менш, вельмі звязаныя паміж сабой. Гаворка ідзе аб прамове Святога Айца ў Бундэстагу і звароту да свецкіх католікаў ў Фрайбургу.
“Для мяне пасланне Папы дастаткова яснае – дзяржава павінна заставацца дзяржавай, а Касцёл павінен заставацца Касцёлам”, - адзначыў іерарх. Ён падкрэсліў таксама, што сутнасць прамовы ў парламенце заключалася ў тым, каб паказаць здольнасць сучаснай дэмакратыі мець будучыню. “Гаворка ідзе не проста аб прызнанні, але нават аб вялікай каштоўнасці таго, што складае нашу грамадскую рэальнасць”, - кажа кардынал Маркс. Аднак на думку іерарха Папа хацеў паказаць, што юрыдычнае прызнанне нейкіх норм большасцю галасоў з’яўляецца нармальным, але для фарміравання каштоўнаснага фундамента яго яўна не дастаткова. “Фундаментальныя правы запісаныя ў нямецкай Канстытуцыі не могуць быць ануліраваны парламенскай большасцю”, - адзначыў арцыбіскуп і нагадаў, што заканадаўчая сістэма мае патрэбу мець у сваёй аснове апору на творчы розум Бога.
“Аднак, Папа не хоча, каб Божае Адкрыццё стала дзяржаўнай, палітычнай ці законадаўчай праграмай. Падзел паміж дзяржавай і Касцёлам неабходны для сучаснай дэмакратыі”, - падкрэсліў кардынал Маркс.
Разважаючы аб прамове Пантыфіка да свецкіх католікаў нямецкі іерарх падкрэсліў, што заданнем Касцёла з’яўляецца спрыяць перамене гэтага света. “Гэта перамена павінна рэалізавацца праз прысвячэнне сябе грамадству і свету, праз сведчанне любові і праўды, сведчанне Евангелля словамі і ўчынкамі”, - сказаў кардынал.
Касцёл, на думку іерарха, з’яўляецца вытворцам каштоўнасцяў для дзяржавы, яго заданне заключаецца ў тым, каб сведчыць аб надзеі і быць рухавіком перамен, аднаўлення, рухам да “новых нябёсаў” і “новай зямлі”. “Менавіта тут знаходзіцца сувязь паміж гэтымі двума прамовамі Бэнэдыкта XVI і сутнасць яго паслання – свет і сучасная дэмакратыя не маюць самі ў сабе неабходных рэсурсаў, з якіх грамадства будзе браць арыентыры”, - падкрэсліў нямецкі кардынал.








All the contents on this site are copyrighted ©.