2011-10-13 10:44:45

Кардынал Эрдо: хрысціяне – сапраўдны скарб для Егіпта


RealAudioMP3 “Перад абліччам падзей, якія адбыліся ў Каіры, мы, упэўненыя ў прыналежнасці да адзінства з Хрыстом, памерлым і ўваскрослым, як Біскупы Еўропы, хочам выказаць сваю блізасць з усімі грамадзянам Егіпта, а асабліва з нашымі братамі – з хрысціянскай супольнасці коптаў, якая ў гэтыя дні сустрэлася з гвалтам скіраваным супраць супакою, мірнага існавання паміж рэлігіямі, свабоды і годнасці чалавека”, - адзначыў кардынал Пэтэр Эрдо, старшыня Рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы, у сваім спецыяльным звароце ў сувязі з забойствам хрысціян, якія адбыліся 9 кастрычніка ў сталіцы Егіпта.

Іерарх нагадаў, што прысутнасць хрысціян у гэтай краіне пачалася яшчэ ў часы прапаведвання св. Марка Евангеліста, і да сённяшняга дня іх супольнасць з’яўляецца сапраўдным скарбам для егіпецкага грамадства і ўсяго Блізкага Усхода. “Грамадзяне, як і ўсе іншыя, хрысціяне таксама задзейнічаны ў пабудову грамадства заснаванага на свабодзе, справядлівасці, праўдзе і любові. У гэтай краіне, сяброўства паміж прадстаўнікамі розных веравызнанняў прысутнае і вельмі відавочнае, а таксама з’яўляецца знакам сапраўднай надзеі”, - адзначыў кардынал Эрдо.

Іерарх, ад імя Рады еўрапейскага епіскапата, заклікаў урады краін Еўропы бараніць усіх, хто як хрысціяне, перажывае пераслед за сваю веру, а таксама этнічную ці сацыяльную прыналежнасць. “Просім у Пана, для ўсіх хрысціян Егіпта, сілы працягваць быць сапраўднымі сведкамі Хрыста і братэрства паміж людзьмі, без якога немагчыма лепшая будучыня ні для асобных краін ні для ўсяго чалавецтва”, - адзначаецца ў пасланні.








All the contents on this site are copyrighted ©.