2011-10-11 10:08:39

Канада: біскупы супраць смяротнага пакарання іранскага пастара


RealAudioMP3 Біскупы Канады заклікаюць да міжнароднай салідарнасці ў справе выратавання жыцця Юзэфа Надаркхані, пратэстанскага пастара, асуджанага ў Іране па абвінавачванні ў “адступніцтве ад веры”.

Каталіцкія іерархі Канады скіравалі спецыяльны ліст у пасольства Ірана ў сваёй краіне, у якім заклікалі іранскія ўлады паважаць свае міжнародныя абавязкі ў сферы правоў чалавека. Адзначаецца, што ў 1948 г. Іран падпісаў Усеагульную Дэкларацыю правоў чалавека ААН, 18 артыкул якой кажа аб тым, што “кожная асоба мае права на свабоду думкі, сумлення і рэлігіі” і што “гэта права прадугледжвае магчымасць змяняць сваю рэлігію і перакананні”. У дакуменце цытуюцца таксама словы арцыбіскупа Даманіка Мамбэрці, Сакратара Апостальскай Сталіцы па адносінах з дзяржавамі, прамоўленыя падчас Генеральнай Асамблеі ААН, аб тым, што “недахоп павагі да рэлігійнай свабоды з’яўляецца пагрозай для бяспекі і міра і перашкаджае рэалізацыі сапраўднага інтэгральнага развіцця чалавека”. Адзначаецца, што такім чынам, сітуацыя пастара Надаркхані, і іншых асоб, якія знаходзяцца ў падобнай сітуацыі, супярэчыць 18 артыкулу Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека.

Юзэф Надаркхані, 34-гадовы пратэстанскі святар, бацька двух дзяцей, перайшоў у хрысціянства ва ўзросце 19 год. За гэта, а таксама, за тое, што паўплываў на пераходу у хрысціянства некаторых мусульман ён быў асуджаны і прагавораны да смяротнага пакарання судом свайго роднага горада Рашт, на поўначы Ірана. Супраць прыгавора выказалі пратэст урады ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Польшчы і інш. краін. Сёння трыбунал правінцыі Гілан, перадаў справу вырашэння гэтага пытання, Вярхоўнаму лідэру Ірана Аятале Алі Хамені.








All the contents on this site are copyrighted ©.