2011-10-08 09:45:48

“Octava Dies”. Сям’я нацый


RealAudioMP3 “Часам узнікае пытанне, чаму Апостальская Сталіца, прымае ўдзел у сусветных форумах, такіх як асамблея ААН, падчас якой нярэдка праходзяць сапраўдныя палітычныя баталіі”, - на гэта пытанне спрабуе адказаць у сваёй штотыднёвай рубрыцы “Octava Dies” дырэктар Ватыканскага радыё і кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыко Ламбардзі. Ён адзначае, што “статус Апостальскай Сталіцы – назіральнік, і такім чынам яна не уўзельнічае ў галасаванні”. Каб лепш зразумець ролю Святога Пасада ў гэтай міжнароднай арганізацыі кс. Ламбардзі прапануе перачытаць яшчэ раз тэкст апошняга выступлення арцыбіскупа Мамбэрці, Сакратара па адносінах з дзяржавамі.

“У словах іерарха вельмі лёгка ўбачыць лінію, якую вялі папярэднія Пантыфікі, падчас прамоваў у Нью Ёрку. Ян Павел ІІ шмат увагі звяртаў на тое, што ААН павінна быць месцам дзе ўсе краіны прызнаюцца як члены сям’і, натхнёныя салідарнасцю і клопатам аб дабры ўсяго чалавецтва. У святле такой ідэі, Бэнэдыкт XVI развіў паняцце “адказнасці абараняць”, як канкрэтны выраз увагі да найбольш слабых”, - сказаў кс. Ламбардзі.

Ён заўважыў, што арцыбіскуп Мамбэрці, пачынае менавіта з гэтага, гаворачы аб такой адказнасці ва ўмовах гуманітарнага крызіса, асабліва ў Самалі, а таксама аб абавязку бараніць мір, бяспеку і правы чалавека. “Затым іерарх казаў, аб рэлігійнай свабодзе, якая сёння часта парушаецца і абмяжоўваецца выключэннем рэлігіі з грамадскай сферы. – сказаў кс. Ламбардзі - Пасля гэтага арцыбіскуп казаў аб адносінах паміж этыкай і эканомікай, якія сталі прычынай сусветнага эканамічнага крызіса. Казаў, таксама, аб устойлівым развіцці, якому ў хуткім часе будзе прысвечана спецыяльная канферэнцыя ААН”. “Сакратар па адносінах з дзяржавамі нагадаў, што свядомасць быцця “сям’ёй краін” падтрымлівае разуменне адказнасці за навакольнае асяродзе, а таксама барацьбу з гандлем зброяй”, - адзначыў дырэктар Ватыканскага радыё.

“Сям’я – гэта супольнасць заснаваная на ўзаемазалежнасці, на узаемным даверы, бескарыснай дапамозе і шчырай павазе”, - завяршае сваю прамову Мамбэрці. Ён падкрэсліў, што зараз важна, каб увага да патрэбаў кожнага чалавека стала рэальнасцю у нашым свеце. Менавіта для гэтага Апостальская Сталіца прысутная ў Нью Ёрку”, - завяршае сваё разважанне кс. Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.