2011-10-06 11:19:58

Расія: пскоўскія улады не працягнулі дазвол на будаўніцтва каталіцкага храма


RealAudioMP3 Ардынарый архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве арцыбіскуп Паоло Пэццы, у сваім спецыяльным паведамленні выказаў занепакоеннасць у сувязі з тым, што мясцовыя улады Пскова адмовіліся працягнуць дазвол на будаўніцтва каталіцкага касцёла ў гэтым горадзе.

“У якасці падставы для такога рашэння пскоўскія ўлады называюць парушэнне норм Горадабудаўнічага кодэкса РФ, згодна з якім у дазволе на будаўніцтва можа быць адмоўлена, калі яно не пачалося да заканчэння тэрміна дзеяння папярэдняга дазвола”, - гаворыцца ў звароце арцыбіскупа Пэццы.

Іерарх адзначае, што такое абгрунтаванне выклікае “здзіўленне ў адносінах да будаўніцтва, якое працягваецца ўжо цягам 10 год”. Праект прадугледжвае паўстанне не толькі будынка касцёла, але і парафіяльнага дома, які ўжо пабудаваны. Таму рашэнне пскоўскіх уладаў не адпавядае рэчаіснасці. “Такое рашэнне выклікае ўражанне мэтанакіраванай дыскрымінацыі каталіцкай супольнасці Пскова, не толькі сярод католікаў, але ва ўсім расійскім грамадстве”, - напісаў арцыбіскуп.

Будаўніцтва касцёла пачалося ў 2000 г., пасля таго, як гістарычны будынак пскоўскай каталіцкай катэдры не быў вернуты католікам. Будаванне новага храма адбывалася за кошт ахвяраванняў парафіян і спонсараў. У 2005 г., арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, у той час старшыня расійскага епіскапата, асвяціў фундамент новага касцёла.

У Пскове гэта адзіная каталіцкая святыня. Мясцовая каталіцкая супольнасць хоць і не шматлікая, але вельмі актыўная: парафіяне клапоцяцца аб бедных і займаюцца дапамогай дзецям з асаблівасцямі развіцця. Акрамя таго, рэалізуецца адукацыйны праект для дзяцей сірот і дзяцей з бедных сям’яў. Такая дзейнасць падтрымліваецца многімі гараджанамі незалежна ад веравызнання.








All the contents on this site are copyrighted ©.