2011-10-06 13:59:48

Кардынал Кох: экуменізм і новая евангелізацыя павінны ўзаемна дапаўняцца


RealAudioMP3 “Экуменізм, як актыўны пошук адзінства, і новая евангелізацыя Еўропы, з’яўляюцца сёстрамі, а для таго, каб Цэрквы маглі пераканаўча абвяшчаць Евангелле, неабходна, каб яны аб многіх рэчах казалі ў адзін голас”, - падкрэсліў кіраўнік Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох, у сваёй прамове ў аўстрыйскім санктуарыі Святога Крыжа, падчас цэрымоніі адкрыцця навучальнага года ў Вышэйшай тэалагічнай школе.

Кардынал Кох звярнуў увагу на тое, што першасным заданнем Касцёла павінна быць канцэнтрацыя на супольнай дзейнасці на карысць вырашэння праблем звязаных з маральнасцю, а таксама разважанне над спадчынай якую пакінулі Еўропе “экуменічныя мучанікі”. “Менавіта яны, хрысціянскія мучанікі, праз сведчанне свайго жыцця, напрыклад у канцэнтрацыйных лагерах у ХХ ст., далі сведчанне хрысціянскага адзінства”, - адзначыў іерарх.

Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству падкрэсліў таксама, што праект новай евангелізацыі звяртае шмат увагі менавіта на экуменічныя аспекты і на пытанне аб Богу ў гэтым кантэксце. “Сёння пытанне аб Богу, якое хвалюе многіх людзей, з’яўляецца стукам у экуменічныя дзверы. Перад абліччам выключэння Касцёла з публічнай сферы, перад намі стаіць супольнае заданне спрыяць павазе да годнасці чалавека і абараняць жыццё”, - сказаў кардынал і заклікаў да пошуку супольнай пазіцыі ў біяэтычных пытаннях. “Умовай аб’яднання Касцёла з’яўляецца пошук яго адпаведнага месца ў грамадстве”, - сказаў кардынал Кох.








All the contents on this site are copyrighted ©.