2011-10-05 11:27:01

Беларусь: рэлігійныя арганізацыі і ўлады сумесна супраць абортаў


RealAudioMP3 У Беларусі на фінальную прамую выйшаў пілотны праект па прафілактыцы абортаў – гэта сумесная праца рэлігійных арганізацый і Міністэрства аховы здароўя. Пачаўся ён у маі гэтага года, а завяршыцца павінен у лістападзе. Увесь гэты час у 6 жаночых кансультацыях Мінска працуюць валанцёры: католікі і праваслаўныя. Яны размаўляюць з жанчынамі, якія прыйшлі, каб здзейсніць аборт. Інфармацыйныя буклеты, спакойная размова, дэманстрацыя муляжоў эмбрыёнаў у натуральную велічыню – кіраўнік цэнтра “Матуля” Вераніка Сярдзюк кажа – у ход ідуць любыя метады, каб захаваць жыццё. Але гэта, на жаль, атрымоўваецца не заўсёды.

Па статыстыцы, сёння ў Беларусі на 100 народжаных дзяцей – 38 абортаў, за апошнія гады іх колькасць знізілася, але да гэтага часу застаецца адной з самых высокіх у краінах СНД. Кожны шосты аборт – гэта перапыненне першай цяжарнасці ва ўзросце ад 20 да 26 гадоў. Прычым, у 70% выпадкаў аборт прыводзіць да цяжкіх наступстваў, у тым ліку бясплоддзя. Таму, як адзначыў галоўны акушэр-гінеколаг аддзела дапамогі маці і дзіцяці Мінаховы здароўя Беларусі Аляксандр Барсукоў, вырашана было змагацца з праблемай, як кажуць, усім светам.

Вынікі пілотнага праекта падвядуць у лістападзе. Калі яго прызнаюць станоўчым, праект, магчыма, распаўсюдзяць на ўсю краіну. Напрыклад, за 2 апошнія месяцы толькі ў адной кансультацыі пасля размовы з валанцёрамі 3 жанчыны не зрабілі аборт і сталі на ўлік па цяжарнасці. Але не колькасць тут вырашальная, нават адно новае жыццё – ужо перамога для ўсіх.








All the contents on this site are copyrighted ©.