Францыя: біскупы звярнуліся да народа перад выбарамі
З нагоды парламенскіх
і прэзідэнскіх выбараў, які пройдуць у Францыі ў 2012 г., каталіцкія біскупы гэтай
краіны скіравалі спецыяльнае пасланне, у якім прапануюць звярнуць увагу на 13 пунктаў,
якія тычацца розных сфер жыцця грамадства. У цэнтры ўвагі іерархаў пытанні аб жыцці,
сям’і, адукацыі, эміграцыі, гарадскіх акраінах, свецкасці і інш. Падчас прэс-канферэнцыі,
якая прайшла 3 кастрычніка ў Парыжы, кардынал Андрэ Він-Труа, адзначыў, што ў звароце
звяртаецца ўвага таксама на праблемы, звязаныя з сусветным эканамічным крызісам. “Мы
як хрысціяне павінны быць упэўнены ў тым, што крызісы, з якімі сустракаецца чалавецтва,
могуць стаць нагодай для аднаўлення і набыцця вопыту, які будзе карысным у будучыні.
Крызісы не павінны перашкаджаць гарантаваць павагу да кожнага чалавека, асабліва да
найбольш слабых, супрацоўніцтву дзеля развіцця іншых краін, пошуку справядлівасці
і міру для кожнага народа”, - адзначаецца ў дакуменце.
Іерархі заклікаюць да
таго, каб “кожны грамадзянін, пазнаёміўся з праграмамі партый і кандыдатаў на выбары,
каб зразумець, ці іх падыходы адпавядаюць патрэбам грамадства, у якім мы жадаем жыць”.
Біскупы звяртаюць асаблівую ўвагу на першыя 3 пункты, якія тычацца жыцця, сям’і і
адукацыі.
“Аборт не павінен быць адзіным рашэннем для жанчын, якія знаходзяцца
ў цяжкай сітуацыі; сям’я, заснаваная на саюзе мужчыны і жанчыны павінна атрымліваць
эканамічную дапамогу, бо ад дзяцей, якія ў ёй выхоўваюцца, залежыць будучыня і стабільнасць
грамадства; а добрае выхаванне дзяцей патрабуе свабоды і адказнасці бацькоў, а таксама
перадачы дзецям найбольш важных ведаў”,- адзначылі іерархі.
Увага звяртаецца
таксама на сітуацыю, якая склалася вакол гарадскіх акраін, што з’яўляюцца месцамі
распаўсюджанага насілля і нелегальнага гандлю. “Толькі рэпрэсіўнай палітыкі будзе
недастаткова, каб вырашыць гэтыя праблемы да канца, неабходна дапамагчы насельніцтву
зразумець грамадства ў якім яно жыве і адчуваць сябе яго часткай”, - адзначаюць французкія
іерархі.