2 кастрычніка ў мястэчку
Іўрэя, на поўначы Італіі, кардынал Тарчызіо Бэртонэ узначаліў св. Імшу, падчас якой
адбылася беатыфікацыя законніцы Антоніі Марыі Верны, заснавальніцы Кангрэгацыі сясцёр
міласэрнасці ад Беззаганнага Зачацця Марыі з Іўрэі. Новая благаслаўлёная жыла на мяжы
XVIII - XIX ст. і праславілася тым, што усё сваё жыццё прысвяціла служэнню самым бедным,
а таксама распаўсюджванню хрысціянскай адукацыі, у тагачаснай, антырэлігійнай еўрапейскай
цывілізацыі.
У інтэрв’ю нашаму радыё кс. Джаванджузэппэ Каліфано, пастулятар
беатыфікацыйнага працеса, расказаў, што благаслаўлёная вельмі ясна бачыла недахоп
выхавання і адукацыі, а таксама беднасць, якая існавала ў рэгіёне дзе яна пражывала,
таму вырашыла прысвяціць усё сябе бескарыснаму служэнню патрабуючым. “Яе жыццё было
па сапраўднаму багатым добрымі ўчынкамі. Можна сказаць, што гэта было жыццё жанчыны,
якое рэалізавалася ўпоўні”, - сказаў кс. Каліфано.
“Час у які жыла с. Антонія
Марыя Верна, быў вельмі цяжкім, з-за распаўсюджанасці ідэй якія ў пэўным сэнсе пазбаўлялі
людзей маральных каштоўнасцяў. Такім чынам існуе аналогія з нашым часам. Канешне,
ў кожную эпоху праўды Евангелля неабходны для таго, каб асвяціць жыццёвыя выбары людзей.
І наша новая благаслаўлёная навучае, што праз слуханне Божага слова можна па-сапраўднаму
зразумець, чаго Бог ад нас хоча, і такім чынам вырашаць тэрміновыя праблемы нашага
грамадства”.
Кс. Каліфано адзначыў, што адной з галоўных цнот бл. Антоніі Марыі
Верны, была евангельская вера і яснае разуменне Божай волі. “Яна добра ўсведамляла
ў чым заключаецца яе місія, што яна мае дар Божы, і гэта рабіла яе моцнай ў Праўдзе”,
- падкрэсліў святар.