2011-10-03 16:55:10

Кракаў: працягваецца ІІ Сусветны кангрэс Божай Міласэрнасці


RealAudioMP3 У Кракаўскіх Лагеўніках працягваецца ІІ Сусветны Кангрэс Божай Міласэрнасці. У мерапрыемстве прымаюць удзел прадстаўнікі 70 краін свету, сярод якіх шматлікія кардыналы, біскупы, святары і свецкія вернікі.

Раніцай 2 кастрычніка, удзельнікі форума сабраліся на св. Імшу, якую ўзначаліў кардынал Станіслаў Рылка, старшыня Папскай рады па справах свецкіх. У сваёй гаміліі іерарх звярнуў увагу на сакрэт таго, чаму ў санктуарый у Лагеўніках прыбываюць шматлікія пілігрымы, якія перажываюць ласку прабачэння і прымірэння з Панам. Кардынал Рылка назваў гэта месца “школай надзеі, адзінай у сваім родзе”. “Сённяшні свет пакутуе ад недахопа надзеі і патрабуе сапраўдных сведкаў Божай Міласэрнасці”, - сказаў кардынал Рылка. “Тыя хто сустрэліся з міласэрнасцю Хрыста, асабіста перажылі перамену свайго жыцця. Апосталы Божай міласэрнасці, гэта тыя, хто з адвагай абвяшчаюць пасланне якое паходзіць адсюль, з Лагеўнікаў. Новая евангелізацыя – гэта нішто іншае, як адкрыццё чалавечых сэрцаў на дар міласэрнай любові”, - падкрэсліў іерарх.

Таксама, у нядзелю з дакладам выступіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Яго выступленне праходзіла на Рынкавай плошчы ў Кракаве у межах евангелізацыі на вуліцы. Беларускі іерарх таксама прысвяціў сваё разважанне тэме “Як быць апосталам міласэрнасці ў сучасням свеце”. “Міласэрнасць, як найвялікшая ўласцівасць Бога, з’яўляецца такой вялікай і дзіўнай таямніцай, што чалавечы розум не ў стане асягнуць яе і да канца зразумець”, - адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч. .Сустрэча з Божай Міласэрнасцю, як падкрэсліў арцыбіскуп, найперш адбываецца ў сакрамэнце пакаяння. “Мой асабісты досвед працы на Усходзе ў часы пераследу за веру дазволіў мне пазнаць вялікую моц Божай Міласэрнасці. Людзі ехалі не толькі сотні, але тысячы кіламетраў, каб сустрэцца са святаром, паспавядацца і прыняць святую Камунію”, - падзяліўся ўспамінамі Мітрапаліт Кандрусевіч.








All the contents on this site are copyrighted ©.