2011-09-29 11:50:46

Кардынал Кох аб дыялогу з Праваслаўнымі Цэрквамі


RealAudioMP3 “Менавіта “дыялог у любові” з’яўляецца рухавіком экуменічных адносін паміж католікамі і праваслаўнымі ў Германіі”, - сказаў у інтэрв’ю “L’Osservatore Romano” кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Каментуючы сустрэчу Святога Айца з прадстаўнікамі Праваслаўных Цэркваў, якая адбылася падчас Апостальскага візіта Пантыфіка ў Германію кардынал Кох расказаў, што нямецкія праваслаўныя, у сваёй большасці з’яўляюцца эмігрантамі, першая хваля якіх прыбыла пасля рэвалюцыі 1917 г. у Расіі, другая падчас эканамічнага бума 1970-х г. у асноўнай частцы з Грэцыі і Сербіі. “Трэцяя хваля эмігрантаў праваслаўнага веравызнання прыбыла ў Германію, пасля распада камуністычнага блока ва Усходняй Еўропе і вайны ў былой Югаславіі”, - расказаў іерарх.

Кардынал Кох адзначыў, што дыялог любові, які існуе паміж католікамі і праваслаўнымі, вельмі цэніцца абодвума бакамі. “Бэнэдыкт XVI вельмі спрыяе яму, і падчас сваёй прамовы ў Фрайбургу ён падкрэсліў, што праваслаўныя з’яўляюцца самымі блізкімі нам сярод хрысціян. Мы маем адну веру і падобную эклезіяльную структуру”, - адзначыў іерарх.

Сярод перашкодаў на шляху да адзінства, кардынал назваў прымат св. Пятра, які з’ўяляецца найбольш важным пытаннем у дыялогу з Праваслаўнымі Цэрквамі. “Але Бэнэдыкт XVI патлумачыў, грунтуючыся на энцыкліцы Яна Паўла ІІ “Ut unum sint”, у чым заключаецца розніца паміж існаваннем гэтага прымата і формай яго ажыцяўлення. Гэта розніца можа адкрыць многія шляхі для больш грунтоўнай дыскусіі ў будучыні”, - сказаў кардынал Кох.








All the contents on this site are copyrighted ©.