2011-09-25 08:56:55

Бэнэдыкт ХVI сустрэўся з прадстаўнікамі Праваслаўных Цэркваў у Германіі


Пасля сустрэчы з былым канцлерам Гельмутам Колем Святы Айцец сустрэўся з прадстаўнікамі Праваслаўных Цэркваў, якія дзейнічаюць у Германіі. У сваёй прамове Папа падкрэсліў, што сярод Цэркваў і хрысціянскіх супольнасцяў, праваслаў’е, з тэалагічнага пункту гледжання, з’яўляецца найбліжэйшым да Каталіцкага Касцёла. “Католікі і праваслаўныя маюць аднолькавую структуру ранняй Царквы. Трэба спадзявацца, каб хутка наступіў тойдзень, у якім мы зможам разам цэлебраваць Эўхарыстыю”,- сказаў Святы Айцец. Пантыфік адзначыў, што Каталіцкі Касцёл з цікавасцю і зычлівасцю сочыць за развіццём праваслаўных супольнасцяў у Заходняй Еўропе.

У Германіі сёння пражывае 1,6 млн. праваслаўных, з якімі Каталіцкі Касцёл наладзіў шырокія кантакты. Падчас сустрэч сярод тэмаў, якія абмяркоўваюцца сумесна, Папа нагадаў перш за аб пытанні прымату Рымскага Пантыфіка, аб натуры і формах ажыццяўлення гэтага прымату. “Застаецца вельмі важным працягваць сустрэчы па гэтай тэме, каб растлумачыць тэалагічныя адрозненні, якія існуюць паміж намі, бо ад іх пераадолення залежыць аднаўленне поўнага адзінства паміж хрысціянамі”,- сказаў Пантыфік. Святы Айцец адзначыў, што “у вырашэнні пытання прымату Рымскага Пантыфіка мы павінны весці разважанні аб адрозненнях паміж натурай і формай ажыццяўляння прымата, што зрабіў папа Ян Павел ІІ у энцыкліцы “Ut unum sint” (95), якія павінны яшчэ прынесці плённыя імпульсы”.

Святы Айцец сказаў, што сённяшні многія людзі хочуць, “вызваліць грамадскае жыццё ад Бога”. “Хрысціянскія цэрквы ў Германіі, сярод якіх таксама праваслаўныя, на аснове веры ў адзінага Бога і Айца ўсяго чалавецтва, павінны ісці разам па шляху мірнага сведчання, на карысць разумення і адзінства паміж народамі”,- адзначыў Папа.

Бэнэдыкт ХVI падкрэсліў важнасць веры, якая ўкаранёная ў таямніцы збаўлення. “Не трэба забываць, каб у цэнтры нашага аб’яўлення заўсёды знаходзілася таямніца ўцелаўлення Бога. Свядомыя таго, што на гэтай таямніцы заснавана годнасць кожнага чалавека, трэба сумесна ўзяць на сябе абавязак абароны чалавечага жыцця ад зачацця да яго натуральнай смерці”,- сказаў Папа. Ён нагадаў, што вера ў Бога, Старыцеля жыцця, ўмацоўвае хрысціян супраціўляцца кожнай маніпуляцыі ў дачыненні да чалавечага жыцця. Акрамя таго, разумеючы каштоўнасць сужэнства і сям’і, якую як хрысціяне мы адчуваем вельмі моцна, галоўным для нас з’яўляецца абарона шлюбнага саюза заснаванага паміж мужчынай і жанчынай ад памылковых тлумачэнняў. Сумесная дзейнасць хрысціян, у тым ліку і праваслаўных, можа прынесці каштоўны уклад у пабудову лепшай будучыні грамадства, у якім будзе існаваць павага да годнасці кожнай чалавечай асобы”,- сказаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.