2011-09-22 17:54:39

Бэнэдыкт XVI выступіў перад дэпутатамі нямецкага парламента (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Вечарам 22 верасня Бэнэдыкт XVI скіраваўся ў нямецкі парламент, дзе адбылося доўгачаканае выступленне Святога Айца перад нямецкімі палітыкамі. У сваёй прамове Папа паразважаў аб сутнасці палітыкі і аб дарах, якія палітык павінен прасіць у Бога. Бэнэдыкт XVI закрануў сучасныя праблемы, якія стаяць перад заканадаўцамі і заклікаў іх не губляць сувязі з каранямі еўрапейскай ідэнтычнасці, якая сфарміравалася падчас сустрэчы веры Іерусаліма, філасофіі Афін і рымскай юрыдычнай думкі.

Прапануем вашай увазе поўны тэкст прамовы Бэнэдыкта XVI

Паважаны спадар Прэзідэнт!
Спадар старшыня Бундэстага!
Спадарыня федэральны канцлер!
Спадар старшыня Бундэсрата!
Паважаныя дэпутаты!

Для мяне вялікі гонар і радасць прамаўляць перад вамі у гэтай Вышэйшай Палаце – Парламенце маёй Радзімы, які аб’дноўвае прадстаўнікоў народа, выбраных дэмакратычных шляхам, для працы на карысць Федэратыўнай Рэспублікі Германія. Я хачу падзякаваць старшыні Бундэстага за яго запрашэнне выступіць тут з прамовай, а таксама за словы прывітання з якімі мяне сустрэлі. Зараз, я звяртаюся да вас, шаноўнае спадарства, як ваш суайчыннік, усё жыццё якога было звязана з яго нямецкай Радзімай. Я прашу вас таксама, выслухаць гэту прамову, як прамову Папы, біскупа Рыма, які нясе на сябе найвышэйшую адказнасць за каталіцкае хрысціянства. Вы прызнаёце ролю, якую займае Апостальская Сталіца ў супольнасці народаў і дзяржаў. На падставе гэтай міжнароднай адказнасці, я хачу прапанаваць вам некаторыя погляды на фундамент ліберальнай і прававой дзяржавы.

Я хачу пачаць маё разважанне аб фундаментах права з маленькага апавядання са Святога Пісання. У першай Кнізе Валадарстваў апавядаецца аб маладым каралі Саламоне. З нагоды яго узыходжання на трон, ён звяртаецца да Бога з просьбай. Што можа прасіць малады ўладар у такі важны момант? Поспеху, багаццяў, доўгага жыцця, знішчэння ворагаў? Нічога з гэтага ён не прасіў. Аднак наступнае: “Зрабі свайму слузе паслухмянае сэрца, каб быў здольным чыніць справядлівасць твайму народу і адрозніваць дабро ад зла” (1Вал 3,9). Гэтым апавяданнем Біблія хоча паказаць тое, што з’яўляецца важным для палітыка. Крытэрыям яго дзейнасці і матывацыяй для працы не павінна быць жаданне поспеху і тым больш матэрыяльны дабрабыт. Палітыка, павінна быць дзейнасцю дзеля справядлівасці, і ствараць, такім чынам умовы для пабудовы міра. Канешне, палітык шукае поспеху, які сам па сабе, дае яму магчымасці для больш эфектыўнай палітычнай дзейнасці. Але поспех павінен быць падпарадкаваны крытэрыям справядлівасці, жаданню рэалізаваць закон. Поспех можа быць таксама спакусай і такім чынам стаць прычынай супрацьстаяння з законам, з рэалізацыяй справядлівасці. “Калі прыбраць закон – тады чым будзе адрознівацца дзяржава, ад вялікай банды?”, - пісаў св. Аўгустын. Мы немцы ведаем з нашай гісторыі, што гэтыя словы не толькі пустое запужванне. Мы перажылі перыяд аддзялення ўлады ад закона, калі ўлада ішла супраць закона, растаптала закон, калі дзяржава стала інструментам знішчэння закона – стала добра арганізаванай бандай, якая пагражала ўсяму свету скінуць яго ў прорву. Служыць закону і змагацца з панаваннем несправядлівасці застаецца фундаментальным абавязкам палітыка. У той гістарычны момант, калі чалавек набыў неабмежаваную ўладу, гэта заданне становіцца тэрміновым. Чалавек у стане знішчыць свет. Можа маніпуліраваць самім сабой. Можа, ствараць людзей і пазбаўляць іншых людзей права быць людзьмі. Як зразумець, дзе тут дабро? Як можна адрозніць дабро ад зла, сапраўдны закон ці закон, які толькі такім падаецца? Пытанне Саламона застаецца пытаннем перад якім сёння стаяць і палітычныя дзеячы і сама палітыка.

У многіх выпадках большасць з’яўляецца тым крытэрыям, якога можа быць дастаткова. Але відавочна, што ў фундаментальных пытаннях, у якіх размова ідзе аб годнасці чалавека і чалавецтва, прынцыпа большасці не дастаткова: у працэсе фарміравання законаў, кожная асоба, якая мае адказнасць, павінна шукаць саму сябе і крытэрыі для ўласных прадпісанняў. У ІІІ ст. вялікі філосаф Арыген апраўдаў такім чынам супраціў хрысціян некаторым існуючым юрыдычным прадпісанням: “Калі нехта знаходзіцца у асяродку скіфаў, якія маюць нерэлігійныя законы, і вымушаны жыць паміж імі ... той, будзе паступаць вельмі разумна, калі ў імя закона праўды, які для скіфаў з’яўляецца незаконным, разам з тымі, хто мае такія самыя думкі, аб’яднацца супраць іх прадпісанняў”.

На падставе гэтых слоў, удзельнікі супраціву дзейнічалі супраць нацыскага рэжыма і супраць іншых таталітарных рэжымаў, служачы такім чынам закону і ўсяму чалавецтву. Для іх было відавочна, што законы, якія існавалі ў той час былі несправядлівымі. Але ў жыцці сучаснага палітыка-дэмакрата, пытанне аб тым, што з’яўляецца праўдзівым законам, што па-сапраўднаму з’яўляецца справядлівым і можа стаць законам, не так відавочна. У тым, што тычыцца фундаментальных антрапалагічных пытанняў, не вельмі лёгка убачыць, што з’яўляецца справядлівым. У пытаннях, як распазнаць дабро і такім чынам служыць закону, ніколі не было лёгка знайсці адказы, і сёння, такія пытанні сталі нашмат больш цяжэйшымі.

Як распазнаць дзе знаходзіцца дабро? У гісторыі, усе юрыдычныя прадпісанні заўсёды матываваліся рэлігіяй: з апорай на Боскасць людзі вырашалі, што добра, а што не. У адрозненні ад іншых вялікіх рэлігій, хрысціянства ніколі не прыпаноўвала дзяржаве і грамадству законы, юрыдычныя прапісанні, якія грунтаваліся на Адкрыцці. Аднак, хрысіцянства натхняла прыроду і розум – якія з’яўляюцца сапраўднай крыніцай законаў – натхняла гармонію паміж аб’ектыўным і суб’ектыўным розумам, гармонію, якая, аднак грунтавалася на Розуме Бога. Так, хрысціянскія тэолагі аб’ядналіся з філасофскім рухам, які ўзнік на пачатку ІІ ст. да нараджэння Хрыста. У гэты перыяд адбылася сустрэча паміж натуральным грамадскім законам, развітым філосафамі стоікамі і майстрамі рымскага права. Дзякуючы гэтаму кантакту нарадзілася юрыдычная заходняя сістэма, якая стала важным фундаментам для усёй юрыдычнай сістэмы чалавецтва. З гэтай дахрысціянскай сувязі паміж законам і філасофіяй пачаўся шлях, які вёў праз хрысціянскае Сярэдневечча, юрыдычнае развіццё эпохі Асветы, аж да Дэкларацыі правой чалавека і нашага фундаментальнага нямецкага закона, у якім наш народ, у 1949 г., прызнаў “непарушнымі і недатыкальнымі правы чалавека, як фундамент кожнай чалавечай супольнасці, міра і справядлівасці ў свеце”.

Дзеля развіцця закона і чалавецтва, стала вельмі важным тое, што хрысціянскія тэолагі занялі пазіцыю супраціву рэлігійным законаў, якія патрабавалі веры ў Боскасць, і аддалі іх кампетэнцыі філасофіі, прызнаючы яе, як сапраўдную крыніцу розуму і прыроды, у іх адзінстве. Гэты выбар ужо прысутнічае у лістах апостала Паўла. У Пасланні да Рымлянаў апостал піша: “Калі язычнікі, не маючы ніякага закона, па прыродзе робяць тое, што па закону, так, не маючы закону, яны самі сабе закон. Яны паказваюць, што закон запісаны ў іх сэрцах, пра гэта сведчыць іх сумленне і сэрца...” (Рым 2, 14-15). Тут злучаюцца два фундаментальныя паняцці прыроды і сумлення, дзе “сумленне” не што іншае, як “паслухмянае сэрца” Саламона, розум адкрыты на мову быцця. Калі на працягу эпохі Асветы, прыняцця Дэкларацыі правоў чалавека, канца ІІ Сусветнай вайны і нашай Канстытуцыі пытанні аб фундаменце законаў здаваліся яснымі, у апошняй палове мінулага стагоддзя адбылася драматычная змена сітуацыі. Ідэя натуральнага закона лічыцца сёння часткай навучання Каталіцкага Касцёла, аб якім варта размаўляць толькі ў каталіцкіх асяродках, і нават стала сорамна вымаўляць гэты тэрмін. Я хачу коратка расказаць, як склалася такая сітуацыя. Перш за ўсё фундаментальным з’яўляецца тэзіс аб тым, што паміж “быць” і “павінна быць” узнік непераадольны падзел. У такім выпадку, ад “быць” не павінен был узнікаць абавязак, таму што размова ішла аб двух абсалютна розных сферах. Асновай для такога мыслення стала пазітывіскае разуменне прыроды і розума, якое сёння лічыцца паўсюдна прымальным. Калі лічыць прыроду, згодна са словамі Ганса Кэлсэна, “агрэгатам аб’ектыўных дадзеных, злучаных паміж сабой прычынай і вынікам”, тады адсюль не можа нарадзіцца ніякіх указанняў этычнага характара. Пазітывіскае разуменне прыроды, разглядае прыроду толькі з функцыянальнага боку, так як яе тлумачаць натуральныя навукі. Такім чынам нельга стварыць мост паміж ethos і законам, але толькі атрымліваць функцыянальныя адказы. Тое самае, тычыцца і розума, які разглядаецца з пазітывіскіх пазіцый, якія многімі лічацца адзінымі навукова вернымі. У ім, тое, што нельга праверыць ці фальсіфіцыраваць, не ўваходзіць у сферу розума. Таму ethos і рэлігія павінны быць адзелены ад суб’ектыўнай сферы. Там, дзе дамінуе выключна пазітывіскае мысленне – і гэта менавіта наша публічная сфера – класічныя крыніцы знаёмства з ethos і правам, застаюцца на ўзбочыне. У гэтым заключаецца драматычная сітуацыя, якая закранае ўсіх і аб якой неабходна правесці шырокую публічную дыскусію; тэрміновасць яе правядзення з’яўляецца галоўнай мэтай гэтай маёй прамовай.

Пазітывіскае разуменне прыроды і розума, пазітывіскае бачанне свету разам з’яўляюцца вялікім дасягненнем чалавечага пазнання і здольнасцяў, ад якіх мы ні ў якім разе не павінны адмаўляцца. Але яно не з’яўляецца культурай, якая дае адказы і з’ўяляецца дастатковай для быцця чалавекам ва ўсёй яго поўні. Там, дзе пазітывіскае мысленне прэтэндуе на тое, каб стаць адзінай дастатковай культурай, адмаўляючы іншым культурным рэальнасцям на ўзроўні падкультур, яна абмяжоўвае чалавека, і нават пагражае яго чалавечнасці. Я гэта кажу аб Еўропе, у якой многія спрабуюць прызнасць толькі пазітывізм агульнай культурай і становяцца ў гэтай справе экстэміскімі і радыкальнымі. Пазітывіскі розум, які прадстаўляе сабе ў выключным выглядзе, не ў стане глядзець праз тое, што не з’яўляецца функцыянальным і становіцца падобным на цэментавыя будынкі без вокнаў, свет і сонца якім мы хочам даваць самі, і больш не хочам атрымліваць іх ад вялікага свету рэчаў Бога. Мы не можам будаваць ілюзій аб тым, што у гэтым свеце, які мы самі хочам пабудаваць, мы знойдзем сакрэт роўны “рэсурсам” Бога. Неабходна вярнуцца, каб адкрыць вокны, убачыць новыя далягляды свету, неба і зямлю і навучыцца выкарыстоўваць іх добра.
Але як гэта рэалізаваць? Як знайсці ўваход у гэты вялікі абшар? Як можа розум знайсці сваю веліч без абмаўлення ад ірацыянальнага? Як можа прырода прадстаць нанава ў сваёй глыбіні? Я нагадаю аб абным працэсе, які адбываўся ў недалёкай гісторыі, у надзеі не быць вельмі неправільна зразумелым і не выклікаць шматлікія аднабаковыя палемікі. Я хачу сказаць, што з’яўленне экалагічных рухаў у нямецкай палітыцы, на пачатку 1970-х г., хоць і не адкрыла вокнаў, аднак застаецца патрабаваннем свежага паветра, патрабаваннем якое немагчыма ігнараваць, бо яго невыкананні многія бачаць нерацыянальнасць. Многія маладыя людзі, зразумелі, што ў нашых адносінах з прыродай нешта не так; што прырода – гэта не толькі матэрыял з якога можна нешта вырабляць, але што зямля сама па сабе мае годнасць і мы павінны захоўваць пэўныя правілы ў карыстанні ёй. Ясна, што тут я не прапагандую за нейкую палітычную партыю – гэта абсалютна мне чужое. Калі, у нашых адносінах з рэальнасцю нешта не так, тады мы ўсе павінны сур’ёзна паразважаць аб пытанні, якое тычыцца фундаментаў нашай культуры. Я хачу яшчэ спыніцца на гэтым пункце. Важнасць экалогіі сёння нават не абмяркоўваецца. Мы павінны слухаць голас прыроды і адэкватна на яго адказваць. Аднак, я хачу звярнуць увагу на яшчэ адзін пункт, які застаецца забытым – існуе таксама чалавечая экалогія. Таксама і чалавек мае прыроду, якая павінна паважацца і якой нельга маніпуліраваць. Чалавек, гэта не толькі свабода, якая з’яўляецца сама па сабе. Чалавек не стварае самаго сябе. Ён гэта дух і воля, а таксама прырода, і яго воля з’яўляецца добрай, калі слухае прыроду, паважае яе і прымае саму сябе такой якая ёсць – не створанай самой па сабе. Менавіта так і толькі так рэалізуецца чалавечая свабода.

Вернемся да фундаментальных паняццяў прыроды і розума ад якіх мы пачыналі. Вялікі тэарэтык юрыдычнага пазітывізма, Кэльсэн, ва ўзросце 84 гадоў, у 1965 г., пакінуў дуалізм “быць” і “павінна быць”. Ён казаў, што нормы могуць паходзіць толькі з волі. Як наступства, прырода магла б закрыць у сабе нормы, толькі калі воля падпарадкавана гэтым нормам. З іншага боку, абапіраецца на Бога стварыцеля, воля якога ўключана ў прыроду. “Абмяркоўваць праўду гэтай веры – гэта абсалютна дарэмная рэч”, - пісаў ён пазней. Ці сапраўды гэта так? – хачу спытаць я. Сапраўды, не мае сэнса разважаць над тым, ці аб’ектыўны закон праяўляецца ў прыродзе, якая абапіраецца на Ствараючы Розум, Creator Spiritus?

Тут нам на дапамогу павінна прыйсці культурная спадчына Еўропы. На аснове упэўненасці ў існаванні Бога Стварыцеля развілася ідэя аб правах чалавека, ідэя аб роўнасці ўсіх людзей перад законам, разуменне таго, што годнасць чалавека недатыкальная ў кожным чалавеку, а таксама свядомасць адказнасці людзей за свае ўчынкі. Гэтыя веды з’яўляюцца нашай культурнай памяццю. Ігнараваць іх ці лічыць мінулым будзе ампутацыяй нашай культуры. Культура Еўропы нарадзілася падчас сустрэчы паміж Іерусалімам, Афінамі і Рымам – падчас сустрэчы паміж верай у Бога Ізраэля, філасофіяй грэкаў і юрыдычнай думкай рымлян. Гэта трайная сустрэча сфарміравала ідэнтычнасць Еўропы. У разуменіі адказнасці чалавека перад Богам і прызнаннем непарушнай годнасці чалавека, кожнага чалавека, гэта сустрэча устанавіла крытэрыі права, абараняць якое з’яўляецца нашым абавязкам у гэты гістарычны момант.

Малады кароль Саламон, падчас узыходжання на трон меў адну просьбу. Што, можа быць для нас, сучаных законадаўцаў, такой просьбай? Аб чым мы папросім? Я думаю, што сёння, пасля таго што было сказана, мы не зможам жадаць іншага, як толькі паслухмянага сэрца – здольнасці адрозніваць добро ад зла і ўстанавіць такім чынам сапраўдны закон, служыць справядлівасці і міру. Дзякуй за вашу увагу.








All the contents on this site are copyrighted ©.