2011-09-17 13:38:06

Новы кіраўнік Ордэна рыцараў Святога Гроба Ерузалемскага пачаў выконваць свае абавязкі


RealAudioMP3 16 верасня Мітрапаліт Балтімору арцыбіскуп Эдвін О’Браен пачаў выконваць свае абавязкі кіраўніка Ордэну Святога Гробу Ерузалемскага.Урачыстасць адбылася ў сядзібе Ордэну ў Рыме. Падчас урачыстасці асэсар Ордэна Святога Гроба Ерузалемскага арцыбіскуп Джусэппэ Дэ Андрэа перадаў арцыбіскупу Эдвіну О’Браену ланцуг Вялікага магістра, бачны знак яго ўлады ў кіраванні Ордэнам. “Гэты ланцуг духоўна спалучае Вялікага магістра са Святой Зямлёй. Вызначае яго абавязкі і многа працы. Ён з’яўляецца адзінай эмблемай, якая паказвае Уваскрослага Хрыста”,- сказаў арцыбіскуп Дэ Андрэа.

Арцыбіскуп О’Браен выказаў падзяку Папе за тое, што паклікаў яго да гэтага новага служэння для Касцёла, асабліва для Святой Зямлі, у якой “60 гадоў таму хрысціяне складалі 30% усіх жыхароў рэгіёна, а сёння іх толькі 2%”.
З-за таго, што Вялікім магістрам можа быць толькі кардынал, арцыбіскуп О’Браен будзе мець тытул пра-вялікага магістра Ордэна.

Арцыбіскуп Эдвін О’Браен нарадзіўся ў 1939 г. ў Нью Ёрку. У 1965 г. атрымаў святарскае пасвячэнне. У 1976 г. атрымаў тытул дактара маральнай тэалогіі на Папскім універсітэце св. Тамаша Аквінскага. У 1996 г. папа Ян Павел ІІ удзяліў яму біскупскую сакру, а ў 2007 г. папа Бэнэдыкт ХVI надаў яму тытул арцыбіскупа. Ён замяніў на гэтай пасадзе кардынал Джона Патрыка Фолі.

Ордэн рыцараў Святога Гробу Ерузалемскага быў заснаваны у 1099 г. у Іерусаліме, каб бараніць гроб Хрыста і даглядаць за пілігрымамі, якія прыбывалі да Святой Зямлі. Цяпер Ордэн з’яўляецца асацыяцыяй духавенства і свецкіх асоб. Дзейнічае ў 40 краінах свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.