2011-09-17 15:03:57

Кардынал Томко - Папскі пасланец на ўрачыстасці ў Маскве


RealAudioMP3 25 верасня ў Маскве адбудуцца ўрачыстасці з нагоды 100 гадавіны кансакрацыі тамашняга катэдральнага сабора Беззаганнага Зачацця Панны Марыі. Сваім пасланцом на гэтыя ўрачыстасці Папа прызначыў кардынала Юзафа Томко былога прэфекта Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў.

У лісце да кардынала Томко Папа адзначыў, што “маскоўская катэдра прыняла ўдзел у лёсе вернікаў Расіі, разам з іхнімі цярпенні”. Святы Айцец сцвердзіў, што з радасцю прыняў навіну аб 100 юбілеі найбольшага Каталіцкага Касцёла ў Расіі.

Папа ў лісце да кардынала Томко просіць яго, каб заахвоціў маскоўскіх католікаў “развіваць марыйную пабожнасць, каб яны паглыблялі хрысціянскае жыццё і мелі ў павазе Божы Закон”. Пантыфік заахвоціў іх да таго, каб згодна жылі з паслядоўнікамі іншых рэлігій.

Касцёл Беззаганнага зачацця Панны Марыі быў пабудаваны ў 1911 г. У 1937 г. яго закрылі і ў наступным годзе яго перанялі ўлады краіны, якія намагаліся перамяніць касцёл у прадпрыемства. Толькі ў 1996 г. яго вярнулі вернікам.

19 снежня 1999 г. кардынал Анджэло Содана, былы Дзяржсакратар Апостальскай Сталіцы, урачыста высвяціў касцёл, надаючы яму статус катэдры. З гэтай нагоды арцыбіскуп Тадэвуш Канрусевіч сказаў эмацыянальна: “Таксама і ў Маскву, якая ў савецкі перыяд лічылася сталіцай атэізма, апошняе слова належыць Богу”.

Ва ўрачыстасці 25 верасня прымуць удзел каталіцкія біскупы з Расіі, Польшчы, ЗША, Беларусі, Казахстана і Літвы.








All the contents on this site are copyrighted ©.