2011-09-14 13:57:46

Албанія: Сесія Рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы


RealAudioMP3 З 28 верасня па 2 кастрычніка 2011 г. у сталіцы Албаніі Тыране пройдзе пленарная сесія Рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы. Падчас прац форума яго ўдзельнікі абяруць новага старшыню Рады і абмяркуюць прапановы, якія ўнеслі епіскапаты еўрапейскіх краін адносна будучага Сіноду Біскупаў на тэму новай евангелізацыі, які пройдзе ў кастрычніку 2012 г. у Ватыкане. Іерархі пазнаёмяцца з вынікамі прац сустрэчы Генеральных сакратароў Канферэнцыі Біскупаў паўднёва-ўсходняй Еўропы, іх старшыняў і біскупаў Каталіцкіх Цэркваў усходняга абрада, якая прайшла ў Вільнюсе.

Другая частка сустрэчы у Тыране будзе прысвечана супрацоўніцтву Рады з Касцёламі ў Еўропе і яе дыялогу з еўрапейскімі свецкімі ўстановамі. Біскупы пазнаёмяцца з інфармацыйным парталам Канферэнцыі www. eurocathinfo.eu, які пачне дзейнічаць напрыканцы 2011 г., разам са спецыяльнай інфармацыйнай сеццю.

Падчас прац кангрэса старшыні епіскапатаў прызначаць членаў Арганізацыйнага камітэта ІІ Еўрапейскіх сацыяльных дзён, якія пры супрацоўніцтве з Камісіяй Епіскапатаў Еўрапейскага Саюза, пройдуць у 2013 г. Прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла абмяркуюць таксама дыялог з Канферэнцыяй Еўрапейскіх Цэркваў і пазнаёмяцца з вынікамі прац ІІ Каталіцка-праваслаўнага форума, які прайшоў у кастрычніку 2010 г. у Родэ і абяруць дэлегатаў на ІІІ сустрэчу гэтага форума, які пройдзе ў сталіцы Партугаліі Лісабоне ў 2012 г.

Акрамя таго на сустрэчы у Тыране старшыні епіскапатаў абмяркуюць план дзейнасці Рады у 2012 г. Найважнейшыя мерапрыемствы гэта Сімпозіўм біскупаў Афрыкі і Еўропы і Кангрэс па катэхізацыі, якія пройдуць у Рыме, а таксама Сусветная сустрэча сем’яў у Мілане і 50 Міжнародны Эўхарыстычны Кангрэс, які пройдзе 10-17 чэрвеня ў Дубліне.








All the contents on this site are copyrighted ©.