14 верасня у італьянскай
Калабрыі адбудзецца беатыфікацыя законніцы Елены Аелло. Яна нарадзілася ў 1895 г.
ў вельмі пабожнай шматдзетнай сям’і. З самага дзяцінства адрознівалася цікавасцю да
евангельскага паслання. Уступіла ў кангрэгацыю сясцёр Найкаштоўнейшай Крыві. Елена
Аелло шмат хварэла, але пераносіла хваробы з мужнасцю, ахвяруючы цярпенні ў інтэнцыі
збаўлення грэшнікаў.
У інтэрв’ю нашаму радыё кардынал Анджэла Амата адзначыў,
што у сваім спецыяльным Апостальскім лісце папа Бэнэдыкт ХVI падкрэсліў тры асноўныя
характарыстыкі новай Благаслаўлёнай: заснаванне ёй ў 1928 г. Кангрэгацыі малых сясцёр
Пакутаў Пана Нашага Езуса Хрыста; так званы “малы шлях” ў духоўнасці; і ўдзел у містычнай
Пасхальнай Таямніцы Хрыста.
“Яна рэалізавала Крыжовы шлях праз штодзённае самапрысвячэнне
і пастаянную адкрытасць на волю Бога. Так яна ўдзельнічала ў пакутах Хрыста”, - расказаў
кардынал Амата. Іерарх адзначыў, што сёння будучая благаслаўлёная Елена Аелло навучае
нас, што магчыма жыць Евангеллем у нашым штодзённым жыцці і станавіцца святымі.