2011-09-13 11:40:10

Польшча: біскупы заклікаюць да разважання аб сэнсе адукацыі


RealAudioMP3 “Спрыяць поўнаму і інтэгральнаму развіццю асобы”: так гучыць тэма “Тыдня для адукацыі”, які прыходзіць 12-18 верасня па ініцыятыве Канферэнцыі Біскупаў Польшчы. “Тыдзень для адукацыі” мае на мэце звярнуць увагу грамадства і сем’яў на розныя аспекты адукацыйнага працэса, а таксама з’яўляецца заклікам да малітвы ў інтэнцыі развіцця “па-сапраўднаму хрысціянскай адукацыі”. У Польшчы існуе каля 540 каталіцкіх школ у якіх з 1 верасня пачаліся заняткі. Згодна з даследваннямі 2010 г. у іх навучаецца каля 57 тыс. вучняў.

У спецыяльным пасланні члены епіскапата звяртаюць увагу на абавязак бацькоў клапаціцца аб адукацыі іх дзяцей, “не пакідаць іх адных, але памятаць, якую дапамогу ім могуць аказаць школы і Касцёл”. Біскупы нагадваюць, што быць настаўнікам сёння, г.зн., навучаць і выхоўваць, гэта вялікае заданне, якое заключаецца ў тым, каб весці моладзь “насуперак плыні”. Мэта педагогікі, ў тым, каб “памясціць Бога ў сэрца дзіцяці і перадаць моладзі фундамент, які застанецца назаўсёды і не зможа быць знішчаны жыццёвымі абставінамі”, пішуць польскія каталіцкія іерархі.








All the contents on this site are copyrighted ©.