2011-09-13 10:20:25

"З сэрцам у кантакце". Язафат Бражыц


RealAudioMP3 Дазвольце сёння пазанёміць вас з іераманахам Язафатам Бражыцам... Аднак давайце распачнем гэтае знаёмства з кароткай замалёкі...

Гэта быў халодны вечар у Наваградку, у восень 1671 году. Айцец Язафат як раз вярнуўся пасля павячэр'я у сваю келлю і толькі сеў за стал, каб дапісаць пачаты два дні таму ліст, як у дзверы ціха пастукалі. Калі ж дзверы адчыніліся, то на парозе з'явілася постаць манаха, якая трымала ў руках падсвечнік з аплываючымі свечкамі. У гэтым манаху а. Язафат са здзіўленнем пазнаў протаархімандрыта бызылянскага чыну. Звычайна протаархімандрыт не разгульваў проста так па келіях братоў, бо калі была такая неабходнасць, то манаха заўсёды можна было выклікаць да сябе…

- Спадзяюся, што не асабліва патрывожыў Вас, ойча, - сказаў протаархімандрыт скідаючы з галавы цёмна-карычневы каптур.

- Ну, што Вы, ойча, - азваўся айцец Язафат, які ўжо ўстаў з-за стала, каб прывітаць свайго позняга госця.

Манахі селі і айцец Язафат зірнуў на свайго галоўнага настаяцеля з цікаўнасцю, але без нецярпення... Ён ведаў, што протаархімандрыт не будзе марудзіць і паведаміць яму мэту свайго візіту.

- Я прыйшоў да вас, каб б сказаць Вам пра важнае рашэнне, датычнае Вас, якое было прынята мною ўжо несколко дзён назад і якое, як мне стала сёння вядома адобрыў мітрапаліт Кіпрыян. - Протаархімандрыт зрабіў значную паўзу. - З гэтага моманту Вы прызначаецеся настаяцелем нашага манастыру ў Полацку. Вы здагадваецеся, што гэта звязана з пэўнымі праблемамі, якія ўзніклі ў Полацкім замку... Беручы пад увагу ўсё, што мне пра Вас вядома, то Вы, айцец Язафат, з'яўляецеся найбольш прыдатным чалавекам для гэтай няпростай місіі.

- Вам таксама вядома вялебны ойча, што гэта дзякуючы Божаму дару, і маіх заслуг тут ніякіх няма. - Адказаў а. Язафат.

- Так, гэта праўда, таксама як слушна тое, што Божы дар не дастаткова прыняць, але і трэба ўтрымаць, а таму давайце без фальшывай сціпласці... Я віншую Вас і хай дапаможа Вам Госпад. Заўтра пасля Боскай Літургіі я паведамлю ўсім братам гэтую навіну. А вы падумайце, калі ў бліжэйшыя дні зможаце паехаць у Полацак.

Протаархімандрыт устаў і накіраваўся да дзвярэй. Устаў і а. Язафат, ён сачыў позіркам за сваім познім госцям...

Магчыма такая або падобная сцэна мела месца ў 17 стагоддзі ў Наваградку, героем якой стаў уніяцкі іераманах Язафат Бражыц. Менавіта ў 1671 а. Язафат быў прызначаны на пасаду настаяцеля манастыра ў Полацку. Аб якой жа праблеме і аб якім дары ішла мова ў вышей згаданай сцэне?!

Некаторыя гістарычныя дакуманты згадваюць аб тым, што ў Полацкім замку мела месца праява нячыстай сілы і айцец Язафат быў тым, хто гэтую нячыстую сілу малітвамі сваімі выгнаў. Як сведчыць сам а. Язафат, пакліканне экзарцыста ён атрымаў ад самой Багародзіцы (было гэта верагодна пасля заразы ў Мінску ў 1654 ці 1655, пасля таго, як горад быў знішчаны Масквою пры цары Аляксеі Міхайлавічы):

"Падчас заразы ў Мінску я папрасіўся ў настаяцеляў дапамагаць хворым на заразу. І калі я служыў гэтым людзям, а быў я нядаўна рукапакладзеным святаром, то і сам заразіўся і памёр. Гаспадар паклаўшы мяне на дошкі, пайшоў прыгатаваць мне труну. Я ж, калі разлучыўся з целам, то апынуўся ў краіне цудоўнай светлазяленой, дзе паказалася мне Дзева прыгожая, кажучы: Падабаецца мне твая стараннасць у адносінах да душаў Крывёю Сына майго адкупленных. Такім чынам не пакідай гэтай стараннасці, бо я выпрасіла для цябе шмат гадоў жыцця і дар выгнання злых духаў.


У гэты момант я адчуў сябе цалкам здаровым, але толькі слабым з-за доўгай стрыманасці ў ежы з-за хваробы. Я пасылаю чатырохгадовае гаспадарскае дзіця, яно не разумела, а таму не баялася, каб гаспадар прынёс мне паесці. А калі ён не паверыў, дык паслаў другі раз дзіця, каб паклікала яго самога. Калі ж ён наблізіўся да акна і ўбачыў, што я сяджу, то пачаў уцякаць. Калі ж сабраў мноства людзей, то яны разам ледзь адважыліся ўвайсці. Я ж падмацаваны ежаю, адразу ж прыступіў да сваіх звычайных працаў".

(Пасля гэтага выпадку а. Язафат праславіўся тым, што выганяў дэманаў ў з апанаваных ў Жыровіцах, Быцені, Хэлме...).

Зрэшты, гэта толькі пачатак поўнага цудаў жыцьця а. Язафата Бражыца. З яго імем таксама звязаная гісторыя іконы Маці Божай Барунскай. На працягу многіх гадоў свайго жыцця а. Язафат захоўваў Барунскую ікону ў сваёй келлі. Гэты абраз ён асабліва шанаваў і праз яго атрымліваў ад Госпада шматлікія ласкі. Пазней ён перадаў гэтую ікону пабожнаму Мікалаю Песляку, просячы яго, каб ён паклапаціўся аб тым, каб гэты цудатворны абраз быў годна шанаваны і ў будучыні. Песляк выканаў просьбу а. Язафата і ў 1691 годзе пабудаваў Барунскую царкву ў ашмянскім павеце (дарэчы 26 жніўня 2011 года споўнілася 320 гадоў з заснавання гэтай царквы ў Барунах).

Ня толькі жыццё Язафата Бражыца была поўнае цудаў, але і смерць. Паводле аднаго сведчання сама Багародзіца са сваім Сынам, з'явілася яму, як на цудатворным абразе барунскім, і паведаміла пра час ягонай смерці. Калі ж прыйшоў яго час, дык а. Язафат па звычаю манаскаму пазваніў у звон, якім заклікаюць братоў да паміраючага. Калі ж браты сабраліся, то развітаўшыся з імі Язафат Бражыц памёр падчас агульнай малітвы над ім. Здарылася ж гэта ў Віцебску 12 лютага 1683 года. Цела дастойнага іераманаха было складзена ў труну ў старой драўлянай царкве пад прапаведніцкай кафедрай, але пасля перабудовы храма месца гэтае было забыта.

Нажаль ня толькі месца пахавання Язафата Бражыца было забытае, але і сама постаць гэтага беларускага уніяцкага святара і манаха. Хай сённяшняя перадача станецца напамінам для нас, што гэта мы нясем адказнасць за нашую спадчыну — гістарычную і духоўную.








All the contents on this site are copyrighted ©.