2011-09-12 12:00:39

Пакістан: новыя школы для хрысціян


RealAudioMP3 Негледзячы на пастаянныя пагрозы, у Пакістане адбудзецца адкрыццё двух новых школ для хрысціян. Гэта стала магчыма дзякуючы намаганням фонда “Масіх”, арганізацыі, якая займаецца абаронай правоў хрысціян у гэтай краіне.

Адна з школ будзе адкрыта ў Куецце, у правінцыі Белушыстан. Яе будуць наведваць каля 450 вучняў, як хрысціянскага, так і мусульманскага веравызнання. Другая школа пачне дзейнічаць у так званай “Французскай калоніі” ў Ісламабадзе, раёне дзе, у стане крайняй беднасці, пражываюць каля 600 хрысціянскіх сямей. Жыхары гэтага раёна згодна з традыцыйнай каставай сістэмай адносяцца да “недатыкальных”.

“Мы хочам сканцэнтраваць усе нашы намаганні на адукацыі – вельмі важнай справе, праз якую можна ўплываць на выхаванне моладзі, для таго, каб змяніць ментальнасць грамадства, у якім усё часцей за кошт моладзі папаўняюцца шэрагі ісламскіх экстрэмістаў і тэрарыстаў. Многія арганізацыі праз адукацыю і выхаванне, нажаль, маніпуліруюць, свядомасцю маладых людзей і скіроўваюць іх да радыкалізма”, - адзначыў у інтэрв’ю агенству “Fides”, дырэктар фонда “Масіх” Харун Баркат Масіх.

Фонд таксама пачаў кампанію пад назвай “Падтрымай выкладчыка”, праз якую араганізатары заклікаюць ахвяроўваць грошы, якія пойдуць на аплату працы настаўнікаў у школах для хрысціян. “Наша задача, даць насельніцтву альтэрнатыву – стварыць месца, у якім будуць вучыць чалавечым каштоўнасцям, павазе да іншых, годнасці і сакральнасці асобы, любові да жыцця і мірнаму суіснаванню”, - адзначыў Масіх.








All the contents on this site are copyrighted ©.