2011-09-12 12:42:09

Лівія: памяншэнне колькасці католікаў


RealAudioMP3 “У выніку ваенных дзеянняў паміж паўстанцамі і арміяй вернай Муамару Кадафі, парафія св. Францішка ў сталіцы Лівіі Трыпалі паменшылася з 60 тыс. чалавек да 3,5 тыс.”, - расказаў у інтэрв’ю агенству “КАІ” кс. Даніэль Фаруджа, вікарый біскупа Трыпалі.

Каталіцкая супольнасць у Лівіі складаецца ў асноўным з філіпінцаў і вернікаў, якія паходзяць з Цэнральнай Афрыкі. Кс. Фаруджа расказаў, што большасць з іх пакінула Трыпалі, калі ў Лівіі пачалася вайна. На сённяшні дзень, сярод католікаў у лівійскай сталіцы засталіся ў асноўным афрыканцы.

“Для іх таксама існуе небяспека з боку паўстанцаў, бо кожны, хто заставаўся ў Трыпалі падазраваецца ў дапамозе арміі Кадафі”, - адзначыў святар. Негледзячы на цяжкасці парафія св. Францішка дзейнічае. Кожны дзень праводзяцца св. Імшы, і як і раней, раз на месяц, адбываюцца экуменічныя сустрэчы прадстаўнікоў усіх хрысціянскіх супольнасцяў, якія прысутнічаюць у сталіцы Лівіі.

У Лівіі дзейнічае толькі два каталіцкія касцёлы – у Трыпалі і ў Бенгазі. Большасць касцёльнай маёмасці была канфіскавана дзяржавай, пасля рэвалюцыі 1969 г., у выніку якой да ўлады прыйшоў Муамар Кадафі. Катэдральны касцёл у Трыпалі у 1970 г., быў перабудаваны ў мячэць, а катэдра ў Бенгазі закрыта.








All the contents on this site are copyrighted ©.