2011-09-07 13:59:53

Бэнэдыкт XVI заклікаў змагацца са спакусамі, накіраванымі супраць веры


RealAudioMP3 Сённяшняя агульная аўдыенцыя з ўдзелам Бэнэдыкта XVI прайшла на плошчы св. Пятра ў Рыме. Папа адзначыў, што хоча працягнуць разважанні аб малітве і на працягу наступных некалькіх аўдыенцый засяродзіць сваю ўвагу на псальмах. Сёння Святы Айцец разважаў аб псальме 3. У ім гаворка ідзе аб Давідзе, які вымушаны быў уцякаць ад свайго сына Авесалона. Бэнэдыкт XVI адзначыў, што гэта адзін з самых драматычных і цяжкіх момантаў у жыцці караля: сын займае яго трон і прымушае пакінуць Іерусалім. “У плачы псальміста, кожны чалавек можа пазнаць пачуццё болю, горычы і даверу да Бога, які згодна з біблійным апавяданнем суправаджае Давіда падчас бегства са свайго горада”, - сказаў Папа.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што негледзячы на пераслед, Давід падтрымлівае моцны кантакт з Богам і менавіта Бог, з’яўляецца першым да каго Ён звяртаецца. “Ворагі імкнуцца разбурыць гэту сувязь і аслабіць веру сваёй ахвяры: яны кажуць – няма яму збаўлення ў Богу!”, - адзначыў Папа.

“Мне падаецца, што тут псальм закранае вельмі асабіста многія праблемы. Мы часта паддаемся спакусе думаць, што нават Бог нас не збавіць, не ведае і не дасць больш магчымасці. Спакуса супраць веры, гэта апошні нападак ворага і яму мы павінны супрацьстаяць – такім чынам знойдзем Бога і жыццё”.

Папа заўважыў, што Давід звяртаецца да Бога ведаючы, што толькі Ён можа дапамагчы. “У малітве важна захоўваць упэўненасць ў прысутнасці Бога”, - сказаў Святы Айцец. Пантыфік падкрэсліў, што пасля шчырага зварота да Бога, Давід атрымаў унутраны супакой і нават заснуў.

“Каля яго ворагі разбілі лагер, акружаюць, збіраюцца вакол, спакушаюць здацца, але ён застаецца спакойным і нават кладзецца спаць з упэўненасцю ў прысутнасці Бога. Калі прачынаецца, то знаходзіць Яго побач з сабой, як ахоўніка, які не спіць, які яго падтрымлівае, трымае за руку і не пакіне ніколі. Страх смерці пераможаны прысутнасцю таго, хто несмяротны".

Папа адзначыў, што псальм заканчваецца збаўленнем Давіда: “ворагі, якія праз сваю несправялівасць і жосткасць, з’яўляюцца сімвалам ўсяго таго, што супрацьстаіць Богу і яго плану збаўлення былі пераможаны. “Молячыся гэтым псальмам, мы можам зрабіць нашымі пачуцці псальміста, справядлівага чалавека, які знаходзіць у Езусе сваё суцяшэнне. У цярпенні, небяспецы, горычы, неразуменні і падчас пераследу, словы псальма адкрываюць нашы сэрцы на упэўненасць, што паходзіць з веры. Бог заўсёды побач, нават падчас цяжкасцяў, праблем, цёмных момантаў нашага жыцця – ён чуе, адказвае і збаўляе сваім чынам”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Cённяшняя аўдыенцыя была першай, у часе летняга адпачынка Святога Айца, якая прайшла на плошчы св. Пятра ў Рыме. Пасля яе заканчэння Папа на верталёце вярнуўся ў Кастэль Гандольфа, летнюю рэзідэнцыю Рымскіх Пантыфікаў, дзе працягне свой адпачынак.








All the contents on this site are copyrighted ©.