2011-09-03 11:29:02

“Octava Dies”. Духоўнае адзінства


RealAudioMP3 Кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы і дырэктар Ватыканскага радыё кс. Фэдэрыко Ламбардзі, у сённяшнім разважанні ў рубрыцы “Octava Dies”, прапануе ўзгадаць аб Сусветных днях моладзі, якія прайшлі ў Мадрыдзе.

Кс. Ламбардзі, падкрэслівае, што кульмінацыйным момантам моладзевага форума стала сустрэча Папы з вернікамі на тэрыторыі аэрапорта “Cuatro Ventos” і заключная св. Імша. У сувязі з гэтым святар заклікае больш глыбока паразважаць аб адносінах моладзі і Касцёла з Езусам Хрыстом прысутным у Эўхарыстыі.

“З Сусветных дзён моладзі ў Кёльне, якія прахозілі ў 2005 г., эўхарыстычная адарацыя займае цэнтральнае месца ў малітоўнай вігіліі. - кажа кс. Ламбардзі. “Малітва ў абсалютнай цішыні, якую ўтвараюць тысячы маладых людзей, дапамагае Касцёлу адкрыць важнасць эўхарастычнай адарацыі, аб каштоўнасці якой сёння многія забываюць. Стаяць ў цішыні перад Езусам: так можна пачаць слухаць і размаўляць з ім, умацоўваць і паглыбляць сваё адзінства з Хрыстом”, - адзначае дырэктар Ватыканскага радыё.

Кс. Ламбардзі, расказаў, што падчас заключнай св. Імшы, вялікая колькасць моладзі, з незалежных ад арганізатараў прычын, не змагла прыняць святую Камунію. У гэтым кантэксце святар прыгадаў словы Бэнэдыкта XVI аб тым, што нават калі няма магчымасці прыняць сакрамэнт святой Камуніі, удзел у св. Імшы застаецца неабходным, каштоўным, дзейсным і плённым. “У гэтых умовах неабходна ўзбудзіць у сябе жаданне поўнага адзінства з Хрыстом”, як кажа вельмі старажытная і прыгожая традыцыя - “жадаць духоўнага адзінства”, - адзначыў кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы. “Жаданне адзінства з Ім, само па сабе з’яўляецца крыніцай адзінства”, - падкрэсліў святар. “Гэта вельмі важнае слова надзеі і салідарнасці з тымі, хто з розных прычын (практычных, або звязаных з станам сямейнага жыцця), не можа сёння прымаць сакрамэнт святой Камуніі. Гэта вялікае пазітыўнае пасланне непрадбачанага эўхарыстычнага посту для міліёна маладых людзей, якія прысутнічалі на “Cuatro Ventos”, - адзначыў кс. Фэдэрыко Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.