2011-09-02 13:19:56

Кангрэс “Рэнавабіс”: Касцёлу трэба па-новаму закараніцца ў існуючы кантэкст


RealAudioMP3 Геапалітычныя змены, якія адбываюцца ў Еўропе, прыводзяць да пашырэння фактычных рамкаў дзяржаў, нават, калі фармальна яны падзелены межамі. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі 15 Міжнароднага кангрэсу "Рэнавабіс" падчас дакладаў і дыскусій, якія прайшлі ў рамках форума, што адбываецца 1-3 верасня ў нямецкім Фрайзінгу. Сёлета тут знаходзіцца прадстаўнічая беларуская дэлегацыя.

Працэсы, якія адбываюцца ў сучаснай Еўропе прывялі да знішчэння дзяржаўных рамак. Галоўную ролю тут грае дэмаграфічны фактар, а ў прыватнасці крызіс еўрапейскай сям'і і вельмі нізкая нараджальнасць на кантыненце. Гэта прывяло да шырокіх працэсаў міграцыі, якія ў апошні час кардынальна змянілі геакультурную сітуацыю на Старым Кантыненце, што ў сваю чаргу стала выклікам для Касцёла.

"Касцёл павінен знайсці новыя душпастырскія шляхі, каб адшукаць сучаснага чалавека", - сказаў дырэктар "Рэнавабіс, кс. Штэфан Дартман. На яго думку, гэтыя шляхі могуць часта выдавацца далёкімі, але варта ісці ў гэтым напрамку. Адказам на рэлігійна-сацыялагічныя і пастаральна-тэалагічныя выклікі, паводле нямецкага езуіта, з'яўляецца інтэграцыя метадаў душпастырства са зменлівымі ўмовамі жыцця. "Веру трэба не толькі захоўваць у зменлівым свеце, але перш за ўсё інтэграваць у яго". Кс. Дартман падкрэсліў, што хрысціяне павінны рэалістычна і без страху глядзець на працэсы зменаў у свеце, а Касцёлу трэба па-новаму закараніцца ў існуючы кантэкст.

Томас Гляўбэн, прафесар з Інстытута Лейбніца, звярнуў увагу на тое, што вялікую ролю у працэсах геапалітычных зменаў у свеце грае з’ява радыкальнай беднаці, якая, як аказваецца, мае вялікія маштабы. Так, напрыклад, у прамыслова развітым Кітаі ад 50% да 60% насельніцтва жыве ў галечы і гэта праблема ў сённяшніх умовах выдаецца не вырашальнай.

Трэба адзначыць, што на працягу 18 гадоў існавання “Рэнавабіс” у 29 краінах ажыццявіла 17,6 тыс. праектаў на агульную суму 520 млн. еўра. У 2010 г. у рамках дапамогі Касцёлу ва Усходняй Еўропе былі рэалізаваны 843 праеты.








All the contents on this site are copyrighted ©.