2011-08-31 12:52:19

Бэнэдыкт XVI: мастацтва паказвае прагу і пошук бясконцасці


RealAudioMP3 Падчас сваёй сённяшняй агульнай аўдыенцыі, Бэнэдыкт XVI прамовіў катэхезу прысвечаную мастацтву, як шляху да знаёмства з Богам. Папа нагадаў, што на працягу апошніх месяцаў ён неаднаразова заклікаў вернікаў сярод штодзённых абавязкаў знайсці час для малітвы. “Бог заўсёды дае шмат магчымасцяў, каб мы памяталі аб Ім. Сёння я б хацеў коратка звярнуцца да тых каналаў, якія могуць прывесці да Бога і стаць дапамогай у знаёмстве з Ім: гэта шлях мастацтва і прыгажосці, аб якім я казаў шмат разоў і глыбокае значэнне якога сучасны чалавек павінен занава адкрыць для сябе”, - сказаў Святы Айцец.

“Напэўна з вамі здаралася, стоячы перад скульптурай, ці карцінай, ці чытаючы якія-небудзь паэтычныя творы, або слухаючы музыку, глыбока ўнутры адчуць эмоцыі, радасць, зразумець, што перад вамі не толькі матэрыял, кавал мрамара ці бронзы, размаляваная тканіна, набор слоў і літар ці сугучча гукаў, але нешта больш вялікае, нешта, што гаворыць, здольнае закрануць сэрца, перадаць пасланне, узнесці душу. Твор мастацтва – гэта плён крэатыўнай здольнасці чалавека, якая хоча пераўзыйсці бачную рэальнасць, спрабуе адкрыць глыбокі сэнс і перадаць яго праз мову формаў, колераў і гукаў. Мастацтва здольнае патрэбу чалавека ісці далей за тое, што відавочнае. Яно паказвае прагу і пошук чалавекам бясконцасці. Больш за тое, мастацтва можна параўнаць з брамай да вечнасці, праз прыгажосць і праўду, якія вышэй за штодзённасць. Менавіта твор мастацтва можа адкрыць вочы розума і сэрца, узносячы іх да вышыняў”.

Папа адзначыў, што многія творы мастацтва вельмі дапамагаюць узрастаць у веры і ў адносінах з Богам. Ён прывёў прыклад гатычных катэдральных касцёлаў, асновай якіх з’ўяляюцца вертыкальныя лініі, якія ўзносяцца да неба і ўздымаюць таксама наш позірк і дух. “Або калі слухаем сакральную музыку, якая прымушае ўзрушыцца наша сэрца і душу, і ўзнесціся да Бога”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

“Колькі разоў карціны і фрэскі, плёны веры мастака, праз свае формы, колеры, святло, натхнялі наш розум скіравацца да Бога і давалі магчымасць узрастаць у нас жаданню імкнення да крыніцы кожнай прыгажосці. Застаецца сапраўднай праўдай, тое, аб чым пісаў Марк Шагал, што мастакі на працягу стагоддзяў бралі свае фарбы з гэтага вялікага алфавіта колераў, якім з’яўляецца Біблія. Колькі разоў творы мастацтва станавіліся магчымасцю ўзгадаць аб Богу, дапамагчы нашай малітве ці нават навярнуцца нашым сэрцам”.

Папа нагадаў аб прыкладзе французскага паэта, драматурга і дыпламата Поля Клодэ, які на свята Божага Нараджэння ў 1886 г. ўвайшоў у парыжскі катэдральны касцёл Нотр-Дам, бо шукаў аргументы супраць хрысціян, але ўражаны творам “Magnificat”, які пачуў падчас св. Імшы, паверыў у існаванне Бога.

Святы Айцец заклікаў адкрыць для сябе важнасць мастацтва для малітвы, для нашых адносінаў з Богам, каб падарожжы былі не толькі момантамі культурнага ўзбагачэння, але таксама сталі стымулам для ўмацавання нашай сувязь і дыялога з Панам. “Спадзяемся, што Бог дапаможа нам сузіраць сваю прыгажосць у прыродзе і у творах мастацтва і такім чынам уразіцца святлом Яго аблічча, каб і мы маглі стаць святлом для нашых бліжніх”, сказаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.