2011-08-30 10:11:22

“Homo caritatis”. Евангельскі зачын дэмакратыі


RealAudioMP3 На працягу апошніх некалькіх праграм мы размаўляем аб дэмакратыі, а дакладней аб сувязі паміж хрысціянствам і дэмакратыяй. Так, сувязь паміж гэтымі двума паняццямі вельмі вялікая і сутнасна важная. Мы ўжо ўбачылі ў папярэдніх праграмах, што многія катэгорыі, якімі мысліць сучасны чалавек з’явіліся менавіта дзякуючы хрысціянству. Напрыклад такія паняцці, як справядлівасць, годнасць чалавека і яго правы, пачалі ўваходзіць у грамадскую свядомасць ў кантэксце барацьбы хрысціянскіх мысліцеляў з рабаўладальніцкай ментальнасцю. Паняцці роўнасці і братэрства, таксама маюць свой фундамент ва ўсведамленні ўсімі людзьмі свайго паходжання ад адзінага Айца. Дзякуючы евангельскаму зачыну гэтыя катэгорыі ўваходзілі ў еўрапейскую ідэнтычнасць на працягу многіх стагодзяў. Аднак у выніку гістарычных турбуленцый, асабліва на працягу ХІХ ст. гэтыя паняцці ўвайшлі у рамкі сучасных філасофскіх тэорый, аўтары якіх імкнуліся пазбавіцца сувязі з евангельскім пасланнем і патлумачыць усё, што існуе сваімі ўласнымі сіламі. Так, многія паняцці, у тым ліку і дэмакратыя згубілі сваё унутранае багатае значэнне, якое сёння варта адкрыць.

З пачаткам ІІ Сусветнай вайны пытанне аб сутнасці дэмакратыі стала вельмі актуальным. Дыктартарскія рэжымы у якіх чалавека ўжывалі толькі для задавальнення сваіх мэтаў, у якіх панавала занядбанне на паняцці роўнасці, братэрства, правоў і свабоды, паказалі, што без надзейнага фундамента, спробы будаваць справядлівае грамадства не прыводзяць да жаданага выніку. Ітак. У еўрапейскай і амерыканскай грамадскай думцы зноў загучалі пытанні аб актуальнасці вяртання да евангельскага паслання ў разуменні дэмакратыі. 7 студзеня 1939 г. амерыканскі прэзідэнт Рузвельт казаў: “Нагорная пропаведзь Хрыста, з’яўляецца асновай для аднаўлення маральнай філасофіі, якую павінны прыняць дэмакратыі, калі хочуць выжыць”. Рузвельт меў на ўвазе, што дэмакратыя, павага да чалавечай асобы, свабода, мірныя міжнародныя адносіны маюць у рэлігіі сваю аснову. Рузвельт казаў таксама: “Ліга Нацый хоча працаваць над аднаўленнем такога міжнароднага парадку ў якім дух Хрыста будзе весці сэрцы людзей і народаў”.

Пазней, 8 мая 1942 г. віцэ-прэзідэнт ЗША Генры Уолас, казаў: “Ідэя свабоды паходзіць з Бібліі і яе незвычайнага паслання адносна годнасці чалавека. Дэмакратыя, гэта адзінае палітычнае выражэнне хрысціянства”. Шатабрыян, французскі пісьменнік і дыпламат таксама прытрымліваўся такога погляду. Анры Бэргсан, адзін з найбуйнейшых філосафаў ХХ ст. у сваёй кнізе “Аб Богу, як крыніцы маральнасці і рэлігіі”, сцвярджаў, што прыхільнікі рэспубліканскага ладу, якія лічаць “братэрства фундаментальным”, павінны мець на увазе, што “сутнасць дэмакратыі з’яўляецца евангельскай”.

Жозэф дэ Мэстр, французскі палітык і філосаф, казаў: “Там дзе пануе іншая рэлігія акрамя хрысціянства, рабства з’яўляецца законам, і тыя народы якія адмаўляюцца ад рэлігіі, аддаляюцца ад свабоды... Урад не можа кіраваць сам па сабе; ён мае патрэбу у рабстве, якое паменшыць актыўную волю ў дзяржаве, або ў Божай сіле, у духоўным супрацоўніцтве, якое разбурыць зневажанне пазітыўнай волі і дасць ёй магчымасць дзейнічаць без перашкодаў”.

Французскі філосаф Жак Марытэн адзначаў, што дэмакратычны дух не толькі паходзіць з Евангелля, але і не можа без яго існаваць. Гэта вельмі моцныя словы, якія адкрываюць нам вочы на многія рэчы і праблемы з якімі сустракаюцца грамадствы пры будаванні дэмакратыі. Як сфарміраваць і ўтрымаць у свядомасці людзей веру ў годнасць чалавека, у яго правы і справядлівасць, у братэрства і салідарнасць? Для таго каб грамадства цэніла і жыло гэтымі паняццямі, якія адкрыў Езус Хрыстус неабходна вялікае натхненне, якое зможа ўмацаваць іх ў розуме і сэрцы.

Будуючы дэмакратыю, трэба быць свядомым таго, наколькі яшчэ ў грамадстве прысутнічаюць эгаістычныя імкненні, нестрыманыя жаданні нажывы і індывідуальнай выгады, варварскія адносіны да жыцця, ірацыянальныя паводзіны. Трэба быць свядомым, што многія грамадствы яшчэ знаходзяцца ў эмбрыянальнай стадыі адносна разумення тых вялікіх каштоўнасцяў аб якіх мы казалі. Такія грамадствы патрабуюць часу і выхавання, каб атрыманая імі свабода не пераўтварылася ва ўседазволенасць, у сляпое імкненне за інстынктамі, у палітычны таталітарызм і рабства ад няўмелага выкарыстання свабоды. Менавіта таму, зараз існуе тэрміновая патрэба у евангельскім зачыне, на якім дэмакратыя зможа рэалізавацца і працягваць існаваць. Перад вернікамі і хрысціянствам ў гэтым кантэксце адкрываецца вялікае поле дзейнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.