2011-08-30 13:06:26

Бэнэдыкт XVI заклікаў маліцца за настаўнікаў


RealAudioMP3 Маліцца “за ўсіх настаўнікаў, каб былі здольнымі перадаваць любоў і праўду, а таксама навучаць сапраўдным маральным і духоўным каштоўнасцям”, - так гучаць словы агульнай інтэнцыі Бэнэдыкта XVI на верасень. У інтэрв’ю нашаму радыё кардынал Зянон Грахалеўскі, старшыня Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі адзначыў, што два элементы, аб якіх кажа Папа выражаюць сутнасць сапраўднай адукацыйнай патрэбы.

“Перад абліччам рэлятывізма адносна каштоўнасцяў і фундаментальных праўд, неабходна перадаваць любоў і праўду: калі невядома, што такое дабро, тады невядома і што такое зло; калі ўсё адносна - паўстае пытанне “чаму вучыць?”. Вельмі важнай з’яўляецца таксама і другая часка інтэнцыі малітвы: навучаць сапраўдным духоўным каштоўнасцям. У рэальнасці адукацыя не можа быць абмежавана толькі перадачай ведаў і здольнасцяў, якія могуць выкарыстоўвацца як для дабра, так і для зла. Неабходна вучыць таму, каб асоба ведала, і перш за ўсё жадала, выкарыстоўваць свае веды і здольнасці для дабра”.

Кардынал Грахалеўскі расказаў, што дэкастэрыя, якую ён узначальвае, імкнецца распрацаваць адукацыйны праект у якім увага будзе сканцэнтравана на чалавечай асобе ва ўсіх яе вымярэннях. “Нават інтэлектуальнае навучанне, для нас не з’яўляецца толькі падрыхтоўкай прафесійных здольнасцяў: інтэлектуальнае выхаванне, перш за ўсё павінна выхоўваць асобу, здольную мысліць крытычна, ацэніваць, а не быць рабом прапаганды і ідэалогій”, - сказаў іерарх. Кардынал адзначыў, што ўвага дэкастэрыі звяртаецца на духоўнае выхаванне настаўнікаў, якія павінны стаць сапраўдным прыкладам для вучняў. “Часта ў нашу Кангрэгацыю прыходзяць паслы розных краін пры Апостальскай Сталіцы і гавораць, што з’яўляюцца неверуючымі, але атрымлівалі адукацыю ў каталіцкіх школах. На пытанне чаму, вы няверуючыя людзі выбралі менавіта гэтыя школы, звычайна гучыць два адказы: па першае таму што гэтыя школы лепшыя, а па-другое, таму што даюць не толькі веды, але выхоўваюць асобу”, - расказаў кардынал Грахалеўскі.








All the contents on this site are copyrighted ©.