2011-08-26 12:00:19

Арцыбіскуп Зімоўскі аб праве на здароўе


RealAudioMP3 “Права на здароўе”: з дакладам на такую тэму выступіў 26 жніўня арцыбіскуп Зыгмунд Зімоўскі, старшыня Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя, падчас форума ў Рыміні арганізаванага аб’яднаннем “Камунія і вызваленне”.

Іерарх нагадаў, што здароўе мае два аспекты – фізічны і духоўны, а таксама заклікаў спрыяць і бараніць годнасць кожнай чалавечай асобы, бо “мы ўсе створаны на падабенства Бога”. Арцыбіскуп Зімоўскі звярнуў увагу на неабходнасць стварэння такіх умоў, у якіх кожны будзе мець магчымасць атрымліваць неабходную медыцынскую дапамогу. Іерарх звярнуў увагу на неабходнасць большай гуманізацыі медыцынскай сферы.

У сваім дакладзе арцыбіскуп падзякаваў шматлікім валанцёрам, якія працуюць дапамагаючы пакутуючым людзям і нагадаў аб прыкладзе добрага самараніна. Ён расказаў аб дзейнасці фонда “Добры самаранін”, які быў заснаваны папам Янам Паўлам ІІ, для ажыцяўлення дабрачыннай місіі акрэсленай ў апостальскім пасланні “Novo millenio ineunte” (“На пачатку новага тысячагоддзя”), аб абавязках вернікаў, перад абліччам выклікаў сучаснага свету.

Арцыбіскуп Зімоўскі пазнаёміў удзельнікаў форума ў Рыміні з дзейнасцю дэкастэрыі, якую ён узначальвае. Іерарх расказаў, што ў лістападзе 2011 г., Папская рада пастырства работнікаў сферы аховы здароўя правядзе міжнародную канферэнцыю на тэму “Пастырства работнікаў сферы здароўя і служэнне жыццю ў святле навучання бл. Яна Паўла ІІ”.








All the contents on this site are copyrighted ©.