2011-08-25 14:23:51

Нунцый у Германіі аб будучым візіце Папы


RealAudioMP3 “Надзея і сіла для новай евангелізацыі”, -гэтыя два дары якія Святы Айцец прывязе з сабой нямецкаму Касцёлу”, - адзначыў Апостальскі нунцый ў Германіі арцыбіскуп Жан-Клод Перысэ, гаворачы аб запланаваным візіце Папы ў гэту краіну, які пройдзе 22-25 верасня 2011 г. У інтэрв’ю інфармацыйнаму агенству “КNA” іерарх сказаў, што “Касцёл павінен абвяшчаць пасланне Хрыста і папа Бэнэдыкт ХVI хоча ўмацаваць Касцёл у выкананні гэтай місіі”.

Арцыбіскуп Жан-Клод Перысэ падкрэсліў два асаблівыя моманты візіту Святога Айца, якія будуць мець месца ў Берліне 22 верасня: візіт Папы ў Федэральны Парламент і св. Імша на Алімпійскім стадыёне.

Каментуючы пратэсты супраць выступлення Святога Айца ў Парламэнце Германіі, Апостальскі нунцый нагадаў, што “па-першае самі члены Бундэстага запрасілі Бэнэдыкта XVI. А па-другое, Германія, як і 179 іншых краін свету, падтрымлівае дыпламатычныя адносіны з Апостальскай Сталіцай, а гэта дае магчымасць Папе прадстаўляць на міжнародным узроўні, пэўную спадчыну каштоўнасцяў. Калі б іншыя рэлігійныя кіраўнікі падтрымлівалі дыпламатычныя адносіны з дзяржавамі, яны таксама мелі б такую магчымасць”, - адзначыў нунцый.

Адносна св. Імшы на Алімпійскім стадыёне ў Берліне, ватыканскі дыпламат расказаў, што тое, што шматлікія католікі з іншых куткоў Германіі, а таксама замежнікі жадаюць прыняць удзел у гэтай Літургіі, з’яўляецца пазітыўным знакам адзінства краіны. Гэта паказвае таксама тое, што Берлін не з’яўляецца “язычніцкім горадам”, як кажуць некаторыя, але што Касцёл прысутны ў сталіцы Германіі і што ён добра ўспрымаецца”.








All the contents on this site are copyrighted ©.