2011-08-23 12:57:58

Кардынал Нагіб: каталіцкая меншасць Егіпта за перамены


RealAudioMP3 У “Сустрэчы за мір паміж народамі”, якая праходзіць на працягу гэтага тыдня ў Рыміні прымае ўдзел Аляксандрыйскі Патрыярх егіпецкіх коптаў Антоніос Нагіб. У інтэрв’ю інтэрнэт-выданню “Sussidiario.net” іерарх расказаў, што ў палітычных пераменах, якія адбываюцца зараз у Егіпце вельмі актыўны ўдзел прымае каталіцкая меншасць. Нагіб падкрэсліў, што “католікі вельмі зацікаўлены, каб у краіне пасля дыктатарскага рэжыма, які быў заснаваны на хлусні і карупцыі, быў устаноўлены прававы лад, не падобны да іранскай тэакратыі і заходняга секулярызма”. Аднак іерарх звяртае ўвагу на тое, што нажаль, большасць насельніцтва маўкліва падтрымлівае экстрэмістаў, якія маюць магчымасць перамагчы на будучых выбарах.

Гаворачы аб дыялогу паміж хрысціянамі і мусульманамі ў Егіпце, кардынал Антоніос Нагіб, адзначыў, што хрысціянская дэлегацыя прапанавала новапрызначанаму рэктару тэалагічнага інстытута “Аль-Азгар” прапановы па супрацоўніцтву і атрымала станоўчы адказ: “Зараз мы вядзем сумесную працу, каб умацаваць заклік рэктара “Аль-Азгара” аб неабходнасці пабудовы свецкай дзяржавы, у якой не будзе супрацьстаяння Богу і рэлігійным каштоўнасцям".

На думку Патрыярха Еўропа і ЗША не могуць быць прыкладам для мусульманскай краіны. “На Захадзе аддзяляенне рэлігіі ад дзяржавы дасягнула такой ступені, якую Папа Бэнэдыкт ХVI назваў “дыктатурай свабоды". Адначасова мы не можам браць прыклад з Турцыі, дзе дзяржава перашкаджае дзейнасці Каталіцкага Касцёла і іншых рэлігійных супольнасцяў”, - адзначыў іерарх.

“Мы працуем над сучаснай дзяржавай, у аснове якой будзе не рэлігійная прыналежнасць, але закон, грамадзянства, роўнасць і свабода, якую будзе кантраляваць закон. Мы хочам пабудаваць такую дзяржаву, у якой не будуць адмаўляцца ад рэлігійных каштоўнасцяў, але кожны будзе мець права вызнаваць сваю веру, - сказаў Кардынал Нагіб.

Іерарх адзначыў, таксама, што ўплыў каталіцкай меншасці на жыццё ў Егіпце з’яўляецца вельмі вялікім. “Каталіцкі Касцёл мае самыя лепшыя школы у краіне, у якіх значная частка мусульманскай эліты атрымлівае адукацыю. Касцёл шмат робіць у сферы дабрачыннасці. Наша экуменічная і міжрэлігійная адкрытасць, робіць нашу прысутнасць у грамадстве асабліва каштоўнай”, - падкрэсліў Патрыярх Нагіб.








All the contents on this site are copyrighted ©.