2011-08-23 13:19:54

Кардынал Вальтэр Каспер атрымаў Еўрапейскую прэмію культуры


RealAudioMP3 Кардынал Вальтэр Каспер, былы старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, 21 жніўня атрымаў Еўрапейскую прэмію культуры за 2011 г. фонда “Pro Europa”.

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Германіі, арцыбіскуп Роберт Цолліч адзначыў, што кардынал Вальтэр Каспер з’яўляецца выдатным тэалагам. Ён падкрэсліў, што дзякуючы здольнасці падтрымліваць добрыя адносіны з людзьмі кардынал Каспер зрабіў істотны ўклад у пераадоленне непаразуменняў паміж Касцёламі.

Падчас уручэння прэміі вядомы нямецкі рэжысёр і акцёр Клаўс Марыя Брандаўэр сказаў, што дзейнасць кардынала Каспера з’яўляецца дасканалым прыкладам спрыяння інтэграцыі Еўропы. На яго думку кардынал Вальтэр Каспер заўсёды гатовы да дыялогу, заўсёды турбуецца аб развіцці сацыяльнай і маральнай сітуацыі ў Еўропе. “Яго турбуе не толькі цяперашні крызіс еўра, але іншы крызіс – крызіс духоўна-маральных і рэлігійных асноў Еўропы, у той час як многія людзі падвяргаюць сумненню не толькі хрысціянскія і гуманістычныя карані і каштоўнасці старога кантыненту, але таксама не паважаюць важных для Еўропы дасягненняў эпохі Асветы”,- сказаў Брандаўэр.

Заснаваны ў 1993 г. Еўрапейскі фонд культуры “Pro Europa” мае на мэце, “падтрымліваць жывы дыялог і культурны абмен паміж еўрапейскімі рэгіёнамі”. Акрамя стыпендыяў фонд прызначае прэміі асобам і ініцыятывам занятым у сферы культурнага абмену.








All the contents on this site are copyrighted ©.