2011-08-22 15:11:50

Германія: біскупы і моладзь задаволены вынікамі Сусветных дзён моладзі


RealAudioMP3 Канферэнцыя біскупаў Германіі і Аб’яднанне каталіцкай моладзі гэтай краіны вельмі задаволены вынікамі Сусветных дзён моладзі. “Маладыя людзі праявілі вялікую цікавасць да пытанняў веры і адносінаў з Богам”, - сказаў біскуп Бернхарн Хасльбергер, адказны за душпастрыства моладзі ў нямецкім епіскапаце.

“Маладыя людзі хочуць жыць у справядлівым свеце, а праз гэту сустрэчу яны ўмацавалі сваю салідарнасць”, - адзначае іерарх. Паводле яго слоў, моладзь вельмі цэніць і паважае папу Бэнэдыкта XVI. “Іх уражвае перш за ўсё яго сапраўднасць і сціпласць”, - сказаў біскуп Хасльбергер.

“Гэта было сапраўднае свята веры, якое дасць моладзі сілы сведчыць аб ёй ў школах і ў сяброўскіх асяродках”, - адзначыў душпастыр нямецкага Аб’яднання каталіцкай моладзі, кс. Сымон Рап. Ён падкрэсліў, што маладыя людзі змаглі адчуць сябе членамі вялікай “глабальнай вёскі”. На думку Маркуса Этшайд-Штама, каардынатара душпастырства моладзі пры нямецкім епіскапаце, форум паказаў, што моладзь цікавіцца рэлігіяй.

“Невыпадкова ў цэнтры сустрэчы была малітва і адносіны з Богам, а таксама шмат зваротаў да палітычных і грамадскіх праблем. Напрыклад падчас Крыжовага шляху звярталася ўвага на тое, што сённяшні свет патрабуе хрысціянства для іх вырашэння. І Папа казаў, што маладыя людзі, узмоцненыя верай павінны удзельнічаць у справах на карысць міра і справядлівасці ў свеце”, - адзначыў Дірк Танцлер, адзін з кіраўнікоў Аб’яднання каталіцкай моладзі Германіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.