2011-08-20 13:52:56

Бэнэдыкт XVI: св. Ян Авільскі будзе абвешчаны Доктарам Касцёла


RealAudioMP3 Хутка адбудзецца абвяшчэнне Доктарам Касцёла іспанскага святога Яна Авільскага. Аб гэтым сказаў Бэнэдыкт XVI на заканчэнне св. Імшы, якую ён цэлебраваў 20 жніўня з семінарыстамі ў катэдральным касцёле Мадрыда.

“Публічна абвячшаючы гэту навіну, я хачу каб словы і прыклад шаноўнага пастыра сталі святлом для святароў і для тых, хто з радасцю і надзеяй рыхтуецца да атрымання сакрамэнта святарства”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заклікаў усіх, скіроўваць свой позірк на св. Яна Авільскага, а таксама даверыў яго апецы біскупаў Іспаніі і ўсяго свету, святароў і семінарыстаў, каб трываючы ў той веры, якой ён служыў, набліжалі свае сэрцы да Езуса Хрыста, Добрага Пастыра.

Св. Ян Авільскі жыў у Іспаніі ў XVI ст. Сваім прапаведваннем, а таксама адукацыйнай і грамадскай дзейнасцю спрыяў шматлікім навяртанням, і стаў натхненнем для такіх вядомых сучаснікаў, як св. Тэрэза Авільская, св. Ігнацый Лаёла і св. Тамаш з Вілановы. Яго навучанне характарызуецца глыбокім знаёмствам з Хрыстом Збаўцам, які адкрыў яму грахоўную рэальнасць чалавека, якая перамагаецца ласкай і прапаведваннем. Марыялогія св. Яна Авільскага вельмі моцна паўплывала на рашэнні будучага ІІ Ватыканскага сабора і навучанне Рымскіх Пантыфікаў ХХ ст. У яго працах вобрах Марыі прадстаўлены, як Маці Касцёла, якая абвяшчае Хрыста, удзельнічае ў Эўхарыстыі і дзяйсняе справы міласэрнасці.

Св. Ян Авільскі з’яўляецца апякуном іспанскіх святароў і вайсковых капеланаў. Яго рэліквіі на час Сусветных дзён моладзі былі перавезены з Кардобы ў Мадрыд.








All the contents on this site are copyrighted ©.