2011-08-18 12:44:43

Бэнэдыкт XVI: моладзь ведае, што без Хрыста цяжка быць па-сапраўднаму шчаслівым


RealAudioMP3 18 жніўня пачаўся чатырохдзённы візіт папы Бэнэдыкта XVI у Мадрыд, у рамках Сусветных дзён моладзі, якія праходзяць у іспанскай сталіцы. Каля 12.00 самалёт Пантыфіка прызямліўся ў аэрапорце “Баярас”, дзе яго сустракалі прадстаўнікі каралёўскай сям’і, кардыналы, біскупы, святары, прадстаўнікі уладаў Іспаніі, а таксама шматлікія вернікі.

У сваёй прамове Бэнэдыкт XVI прывітаў усіх прысутных і ўзгадаў аб сваім нядаўнім візіце ў Санцьяга Дэ Кампастэла і Барселону. Папа падзякаваў за гасціннасць з якой сем’і, парафіі, калегіўмы і іншыя ўстановы прынялі шматлікіх удзельнікаў Сусветных дзён моладзі.

“Я тут, каб сустрэцца з тысячамі маладых людзей з усяго свету, католікамі, тымі, хто цікавіцца Хрыстом ці шукае праўду, якая дае сапраўдны сэнс нашаму існаванню”, - акрэсліў мэту свайго візіта Папа. “Чаму такая вялікая колькасць моладзі прыехала ў Мадрыд? - спытаў Святы Айцец - Адказ на гэтае пытанне павінна даць сама моладзь, аднак можна здагадвацца, што маладыя людзі жадаюць слухаць Божае Слова, як гаворыцца ў дэвізе Сусветных дзён моладзі, жадаюць быць укаранёнымі і збудаванымі ў Хрысце, і сведчыць аб моцы сваёй веры”.

Папа адзначыў, што сучасная моладзь бачыць павярхоўнасць, спажывецкі характар сучаснай культуры, геданізм, баналізацыю сексуальных адносін, карупцыю і адначасова недахоп салідарнасці. “Маладыя людзі ведаюць, што без Бога будзе вельмі цяжка адказаць на гэтыя выклікі і быць па-сапраўднымі шчаслівымі”, - сказаў Святы Айцец. Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу таксама на тое, што Сусветныя дні моладзі, з’яўляюцца добрай магчымасцю для ўзаемнага абмену думкамі, багаццем культур і вопытам, а таксама даюць магчымасць “чэрпаць натхненне абзін ад аднаго на шляху веры і жыцця”.

Папа адзначыў, што сёння ў свеце існуюць шматлікія цяжкасці: войны, несправядлівасць, экалагічныя праблемы, беспрацоўе, наркаманія, пераслед за веру. У гэты момант “вельмі важна дапамагчы маладым вучням Хрыста заставацца моцнымі ў веры і прыняць цудоўнае пакліканне абвяшчаць яе і сведчыць аб ёй у свам жыцці”, праз любоў да бліжняга, “не хаваючы уласнай хрысціянскай ідэнтычнасці”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.