2011-08-17 09:58:38

“Homo caritatis”. Хрысціянства і дэмакратыя


RealAudioMP3 У сённяшняй праграме мы пачнем цыкл разважанняў, прысвечаных дэмакратыі.
У іх мы паспрабуе ўбачыць глыбіню і багацце гэтага паняцця, а таксама яго блізкасць да хрысціянскага навучання. На працягу гісторыі адносіны Касцёла да дэмакратыі змяняліся. Трэба адзначыць, што яшчэ напрыканцы ХІХ ст. Касцёл вельмі негатыўна ставіўся да яе, бачачы ў дэмакратыі прадукт эпохі Асветы і ідэяў Французскай рэвалюцыі, што вылілася ў адкрытую барацьбу з рэлігіяй. Таксама і з боку дэмакратаў тых часоў адносіны да Касцёла былі не вельмі пазітыўнымі, бо яшчэ з эпохі позняга сярэдневечча Касцёл паступова стаў апорай вельмі далёкага ад хрысціянства сацыяльнага парадку. Я маю на увазе так званы абсалютыскі “ancien regime” (“стары рэжым”) ў еўрапейскіх краінах.

Радыкальныя перамены ў адносінах да дэмакратыі, адбыліся падчас Другой Сусветнай вайны, калі чалавецтва перажывала ліквідацыю “старога свету”. Свету, што пачаў фарміравацца разам з песімізмам філосафа Макіявэлі, які легалізаваў выкарыстанне несправядлівай сілы ў палітычных мэтах. Затым быў філосаф дэ Карт і “Энцыклапедысты”, а пасля, Жан Жак Руссо, якія абвяшчалі аб надыходзе Божага Валадарства на зямлі, у якім дапаможа стварэнне нацыянальных дзяржаў і рэвалюцыя. У гэтай рэвалюцыі нарадзіўся новы клас капісталістаў і дзяржаўны імперыялізм, а потым вялікія канфлікты, якія адзначылі ХХ ст.

У 1942 г., менавіта падчас Другой Сусветнай вайны французскі філосаф і тэолаг Жак Марытэн, напісаў кнігу “Хрысціянства і дэмакратыя”. У ёй аўтар адзначае, што “гэты свет, ліквідацыя якога адбываецца, меў свае самыя глыбокія карані ў хрысціянскай традыцыі, аднак яго галоўнай праблемай была вера ў тое, што знайсці збаўленне можна ўласнымі сіламі, а гісторыю чалавека можна рабіць і без Бога”.

Паводле Марытэна, “разам з надзеяй выйграць вайну, карані якой ляжаць у нашых сэрцах, адначасова павялічваецца трывога за нашу здольнасць выйграць мір. Некаторыя з нас, пытаюцца саміх сябе: ці пасля вайны за вызваленне не трэба нам будзе казаць разам з псальмістам: “Ecce in pace amaritudo mea amarissima” (“Вось у міры мая горыч горкая”). Сапраўды, трэба быць наіўным, каб думаць, што вызваленне свету стане простым наступствам перамогі. Вайна ўзнікла, таму што свет быў хворым, і ад гэтай хваробы немагчыма аздаравіцца за адзін дзень. Гэта значыць, што мы павінны спадзявацца на тое, што перамога, разбураючы таталітарнае рабства, не толькі расчысціць гістарычны шлях, не толькі дасць магчымасць канструктыўнай працы, але ўстановіць па-сапраўднаму пазітыўныя ўмовы, неабходныя для працы.

Марытэн аналізаваў таксама з’яву нацызму і наступствы барацьбыз ім. На яго думку, калі барацьба тых, хто змагаецца з нацызмам не будзе сапраўды натхнённай гераічным ідэалам вызваліць чалавечае жыццё, калі перамога не будзе мець у сваёй аснове рэарганізацыю, якая паспрыяе намаганням людзей у супольным дасягненні гэтых ідэалаў, цывілізацыя здолее збегчы ад адной небяспекі, якая нясе знішчэнне, толькі для таго, каб увайсці ў перыяд хаоса, у якім, пасля вайсковай перамогі над фашызмам і нацызмам, яна рызыкуе быць пераможанай маральна іх наступнікамі.

Праўда, што вайна сама па сабе не мае пераўтваральнай цноты. Яна абмяжоўваецца ўзняццем механізмаў і сіл, якія даюць прастору не чамусці новаму, але чамусці, што ўжо існуе. Вось чаму праца аднаўлення і ачышчэння, якая ўжо існавала перад пачаткам вайны, падчас вайны становіцца неабходнай, як ніколі. Гэта праца павінна быць хуткай, як вайсковая індустрыя падчас вайны. Стварэнне новага свету не будзе толькі справай вайны, але сілай канцэпцыі і волі, рэфарматарскай энергіі, інтэлектуальнай і маральнай, якая павінна развіцца ў калектыўным сумленні і ў адказных кіраўнікоў”.

Ітак, будуючы нашу будучыню і імкнучыся да дэмакратычнага грамадства, зададзімся пытаннем: ці здолеем мы выйграць мір? Ці сапраўды, дэмакратыя нам прынясе тое, што мы носім глыбока ў нашых сэрцах? Як бачна, імкненне да яе, не абмяжоўваецца толькі ўстанаўленнем пэўных інстытутаў і кантролем за саблюдзеннем працэдур. Дэмакратыя, гэта нешта нашмат большае.

Кампендыўм сацыяльнага навучання кажа аб тым, што дэмакратыя гэта плён асэнсаванага прыняцця каштоўнасцяў, якія натхняюць дэмакратычныя працэдуры. Такім чынам, справа не толькі ў тым, каб імкнуцца да фармальнага захавання правілаў, але да ўсведамлення ўсімі грамадзянамі важнасці фундамента, на якім будзе будавацца дэмакратычная будучыня. Менавіта на гэтым палягае галоўная праблема дэмакратыі. Шматлікія статыстыкі паказваюць, што сёння мы жывем у хворым грамадстве, у якім пануе індывідуалізм, эгаізм і прага нажывы. Каб аздаравіць яго патрэбны час. Таму варта пачаць менавіта зараз. Імкненне да дэмакратыі пачнецца менавіта з аздараўлення нашага сумлення.








All the contents on this site are copyrighted ©.