2011-08-17 10:00:44

“Homo caritatis”. Евангельскае натхненне і грамадская свядомасць


RealAudioMP3 У нашых разважаннях на мінулым тыдні мы пачалі разглядаць тэму дэмакратыі. Мы ўбачылі, што каштоўнасць дэмакратыі заззяла ў свядомасці еўрапейскіх грамадстваў, у той гістарычны перыяд, калі эгаізм і прага дамінавання аднаго чалавека над другім дасягнулі сваёй крайняй кропкі, якой стала Другая Сусветная вайна. У гэты час еўрапейцы пачалі больш глыбока задумвацца над фундаментамі, якія павінны ляжаць у аснове цывілізаванага грамадства, каб такая вайна больш ніколі не паўтарылася ў гісторыі. Вось некалькі прыкладаў працы ў гэтым накірунку: рашучае асуджэнне таталітарных ідэалогій, прыняцце Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека, пасляваенная міжнародная салідарнасць з патрабуючымі дапамогі народамі. Нават стварэнне Еўрапейскага Саюза мела ў сваёй аснове патрэбу гарантавання міра і справядлівасці на кантыненце. Можна ўзгадаць яшчэ аб пасляваенным пакаленні палітыкаў, што прыйшлі да ўлады у еўрапейскіх краінах тых часоў: Жан Манэ і Роберт Шуман у Францыі, Конрад Адэнаўэр у Германіі, Альчыда Дэ Гаспары і Альціера Спінэллі ў Італіі. Большасць з іх сёння з’яўляюцца кандыдатамі на алтары – ідуць іх беатыфікацыйныя працэсы. Гэтыя людзі, а таксама многія іншыя, імкнуліся ў свецкім, грамадскім жыцці рэалізаваць евангельскія прынцыпы і будаваць будучыню кантынента на глыбока ўкаранёных у еўрапейскай ідэнтычнасці хрысціянскіх каштоўнасцях. Яны адчувалі ўсім сэрцам асаблівую святую праўду, якая паходзіць з Евангелля і павінна ўвайсці ў зямное жыццё, знайсці сваё спаўненне ў палітычнай і грамадскай сферах.

Каталіцкія іерархі, гаворачы аб новай евангелізацыі – евангелізацыі народаў з моцнай хрысціянскай традыцыяй, часта адзначаюць, што сёння многія народы спрабуюць адмовіцца ад любых сувязяў з хрысціянствам: выключыць імя Бога з еўрапейскай Канстытуцыі, забараніць рэлігійныя сімвалы ў грамадскіх месцах, прымаць законы, што супярэчаць хрысціянскай маралі. Аднак, такое захаванне нагадвае паводзіны дзіцяці, якое спецыяльна, з капрызу, чыніць розныя шкоды. Такое змаганне, з хрысціянствам выглядае інфантыльным, нібыта спроба сунуць пальцы ў разетку, бо па-першае, адмаўленне ад хрысціянскіх каштоўнасцях пагражае рознымі формамі таталітарызму, а па-другое ўсе дасягненні, якія маюць еўрапейскія народы бяруць свае карані ў евангельскім натхненні. Змагацца з хрысціянствам у Еўропе – гэта змагацца з самімі сабой.

Давайце задумаемся, што прынесла хрысціянства еўрапейскім народам. Па-першае, гэта навіна аб адзінстве ўсяго чалавечага роду, натуральнай роўнасці ўсіх людзей, створаных адзіным Створцам (ці не ідэя роўнасці ляжала у аснове Французскай Рэвалюцыі?). Хрысціянства паказала годнасць чалавечай працы і бедных людзей, неабходнасць роўнага падзелу дабротаў паміж усімі членамі грамадства (Ці не гэта аснова дзейнасці сацыялістычных партыі і прафсаюзаў?). Хрысціянства прынесла людзям разуменне неабходнасці братэрскай любові да бліжняга, незалежна ад яго расы, сацыяльнага статусу, народа (ці не гэта ідэал сучаснага цывілізаванага грамадства?). Ці не евангельскае пасланне абудзіла ў грамадскай свядомасці саму ідэю цывілізаванасці?

Калі ісці, яшчэ далей, то варта адзначыць, што менавіта хрысціянства паспрыяла разуменню гісторыі, як не цыркулярнага шляху, але шляху да пэўнай канкрэтнай мэты. Гэты шлях, які сёння называюць прагрэсам і развіццём, не адбываецца аўтаматычна, ён сустракаецца з рознымі фактарамі, якія пагражаюць скіраваць яго супраць чалавека. Таму прагрэс патрабуе асаблівай увагі і цвёрдай вернасці прынцыпам, якія не дазволяць яму збочыць з яго галоўнай мэты – служэння чалавеку і спрыяння дасягенню агульнага дабра.

Дзякуючы евангельскаму натхненню, у грамадскай свядомасці ўмацавалася разуменне годнасці чалавека. Чалавек, хоць і з’яўляецца членам грамадства і жыве ў дзяржаве, аднак мае недатыкальныя правы і гарантыю справядлівых адносін да сябе. Адначасова чалавек мае права падпарадкоўвацца толькі справядлівым законам. Менавіта дзякуючы Евагеллю і навучанню Касцёла чалавецтва навучылася падпарадкоўвацца толькі таму, што справядлівае.

Дзякуючы евангельскаму натхненню, якое дзейнічала ў гісторыі, у грамадскай свядомасці ўмацавалася разуменне годнасці народаў – супольнасці грамадзян адной краіны, аб’яднаных справядлівымі законамі. Таксама дзякуючы евангельскаму натхненню, умацавалася разуменне грамадскіх уладаў як інстытута, што служыць агульнаму дабру народа. Прадстаўнікі ўладаў кіруюць свабоднымі людзьмі, якія не маюць над сабой іншага валадара акрамя Бога. Людзі падпарадкоўваюцца ўладзе, бо яна паходзіць ад Яго. Прадстаўнікі ўладаў, атрымліваюць права кіраваць народамі, таксама праз волю народа – праз справядлівыя і адкрытыя выбары.

Працягваць гэтыя прыклады можна яшчэ вельмі доўга – разуменне свабоды, салідарнасці, праўды – уся наша сённяшняя свядомасць, наша разуменне грамадскага жыцця наскрозь прасякнута евангельскімі прынцыпамі. На працягу гісторыі евангельскае натхненне сфарміравала ў грамадскай свядомасці погляд на асноўныя прынцыпы справядлівага і братэрскага жыцця. Таму варта заставацца вернымі ім і працягваць пошук шляхоў для іх сапраўднага спаўнення.








All the contents on this site are copyrighted ©.