2011-08-17 13:18:51

Сусветныя дні моладзі з рэліквіяй Яна Паўла II


RealAudioMP3 Незвычайным чынам падчас Сусветных дзён моладзі будзе прысутнічаць шэсць гадоў таму памерлы ініцыятар гэтага буйнога форуму. Падчас усіх цэнтральных мерапрыемстваў у Мадрыдзе, па словах арганізатараў, будзе выстаўлена рэліквія з крывёй Яна Паўла II. Так ужо адбылося падчас інаўгурацыйнай св. Імшы ў аўторак вечарам на плошчы Сібэлес. Гэта стала падарункам ад былога асабістага сакратара памерлага Пантыфіка кардынала Станіслава Дзівіша.

Металічны кантэйнер-рэліквіярый быў зроблены ў выглядзе Евангеліярыя. У левай частцы змешчаны герб папы Яна Паўла II і яго знакаміты заклік: “Не бойся” на лацінскай мове. На правым баку апынулася выява папскага крыжа. Сама кроў знаходзіцца ў невялікім крыштальным кантэйнеры.

Беатыфікаваны 1 мая гэтага году Ян Павел II, у 1985 г. заснаваў Сусветныя Дні Моладзі. Кроў, змешчаная ў рэліквіярыі, была ўзята для медыцынскага даследавання вясной 2005 г., падчас яго цяжкай хваробы. У той час былі ўзяты чатыры пробы для магчымага пералівання крыві, якія з таго моманту захоўваліся ў рымскай клініцы Дзіцятка Езус.

Кардынал Дзівіш пасля беатыфікацыі атрымаў два кантэйнеры, адзін з якіх быў перададзены як рэліквія ў новы касцёл бл. Яна Паўла II у прыгарадзе Кракава. Два астатнія невялікія кантэйнеры, захоўваюць сёстры, якія працуюць у рымскай клініцы.







All the contents on this site are copyrighted ©.