2011-08-17 11:56:48

Мадрыд: Сусветным дням моладзі дадзены старт


RealAudioMP3 Каля 150 тыс. маладых людзей прынялі ўдзел ва ўрачыстай св. Імшы, якая прайшла вечарам 16 жніўня на мадрыдскай плошчы Сібэлес з нагоды адкрыцця Сусветных дзён моладзі. У Эўхарыстыі, акрамя шматлікіх вернікаў, прынялі ўдзел каля 800 кардыналаў, арцыбіскупаў, біскупаў і каля 8 тыс. святароў з усяго свету. Падчас літургіі выкарыстоўваўся спецыяльны евангеліярый, у якім знаходзілася рэліквія – капсула з крывёй благаслаўлёнага папы Яна Паўла ІІ, заснавальніка і апекуна моладзевага форума.

Мардыдскі арцыбіскуп, кардынал Руоко Варэла у сваёй гаміліі, прамоўленай падчас св. Імшы адзначыў, што Ян Павел ІІ адкрыў новы этап ў адносінах паміж Наступнікам св. Пятра і моладзю. Такія адносіны іерарх ахарактарызаваў як “сардэчныя, радасныя, поўныя надзеі і прасякнутыя верай у Езуса Хрыста”.

Кардынал Варэла нагадаў, што і Бэнэдыкт XVI заклікае моладзь вырушыць у дарогу разам з Панам, які з’яўляецца нашым сябрам і братам. “Ён адзіны можа вас зразумець і прывесці да праўды; даць вам жыццё, якое ніколі не скончыцца; даць вам шчасце: сапраўдную любоў!”, - нагадаў словы Святога Айца іерарх.
“Сучаснаму маладому чалавеку неабходна ўбачыць Езуса, які аб’яўляецца ў слове, сакрамэнтах, асабліва ў Эўхарыстыі і споведзі, у хворых і бедных людзях, братах, што перажываюць цяжкасці і патрабуюць дапамогі”, - сказаў арцыбіскуп Мадрыдскі.

Пасля літургіі да сабраных вернікаў звярнуўся кардынал Станіслаў Рылка, старшыня Папскай рады па справах свецкіх, якая з’яўляецца галоўным арганізатарам мерапрыемства. Іерарх заахвоціў моладзь глыбока жыць скарбам веры і не баяцца сведчыць аб ёй ў сённяшнім свеце. “Вера дае нам цудоўную магчымасць убачыць веліч і прыгажосць нашага жыцця”, - сказаў іерарх.







All the contents on this site are copyrighted ©.