2011-08-16 14:58:15

Сусветныя дні моладзі ў Мадрыдзе пачынаюцца


RealAudioMP3 Каля паўмільёна маладых людзей з 192 краін прыбылі на Сусветныя дні моладзі ў Мадрыд, каб разам маліцца, спяваць, дзяліцца сваёй верай і сустрэць Папу. Дзякуючы візіту Бэнэдыкта XVI моладзевая сустрэча набыла асаблівую вагу і папулярнасць не толькі ў каталіцкім асяроддзі. На заключнай св. Імшы 21 жніўня чакаецца больш за адзін мільён удзельнікаў.

Сусветны форум будзе афіцыйна адкрыты сёння вечарам св. Імшой на мадрыдскай плошчы Сібэлес. 17, 18 і 19 жніўня каля 250 біскупаў з усяго свету, сярод іх арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, кожную раніцу будуць праводзіць катэхезы для маладых пілігрымаў. Моладзь для правядзення такіх сустрэч была размеркавана па парафіях з улікам моўнага фактару.

У дадатак да катэхез, на форуме, маладыя людзі стануць удзельнікамі разнастайных культурных праграм і больш чым 300 мерапрыемстваў, ад канцэртаў да невялікага кінафестывалю, а таксама бясплатнага ўваходу ў мадрыдскі Прада.

Заснавальнікам Сусветных дзён моладзі быў папа Ян Павел II. З 1985 г. Святы Айцец запрашаў моладзь на падобныя сустрэчы. Мэта такіх мерапрыемстваў, паводле ідэі Пантыфіка, даць магчымасць “адкрыць маладую і актуальную таямніцу Касцёла ў супольным перажыванні пілігрымавання, малітвы, медытацыі і адарацыі”. Асабліва буйныя мерапрыемствы былі праведзены ў 1991 г. у Чэнстахове, 1993 г. у Дэнверы, 1995 г. у Маніле, у 1997 г. у Парыжы, 2000 г. падчас Юбілейнага года ў Рыме і 2005 г. у Кёльне. Апошняя такая сустрэча адбылася ў аўстралійскім Сіднэі ў 2008 г.







All the contents on this site are copyrighted ©.