2011-08-15 14:27:55

Бэнэдыкт XVI: імкнуцца жыць як уваскрослыя, узносячы ў цемры існуючага ў свеце зла – святло дабрыні


RealAudioMP3 На надзею і радасць, якія прысутнічаюць у таямніцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі звярнуў увагу Папа ў сваім разважанні перад малітвай “Анёл Панскі” 15 жніўня ў двары рэзідэнцыі ў Кастэль Гандольфа. Святы Айцец падкрэсліў, што ўрачыстасць кажа таксама пра нашу будучыню, што таксама мы будзем побач з Езусам у радасці Божай. Святы Айцец заклікаў вернікаў прынесці святло дабрыні ў цемру існуючага ў свеце зла.

Дарагія браты і сёстры, - звярнуўся да сабраных Пантыфік -

У сярэдзіне жніўня, хрысціяне Усходу і Захаду разам адзначаюць свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Як вядома, у Каталіцкім Касцёле дагмат аб Унебаўзяцці быў абвешчаны падчас 1950 Святога Года, маім шаноўным папярэднікам, Слугой Божым Папам Піем XII. Аднак гэта ўрачыстасць, мае крыніцу ў веры першых стагоддзяў Касцёла.

На Усходзе яго называюць таксама і сёння “Успеннем Багародзіцы”. На старажытных мазаіках у базыліцы Санта Марыя Маджорэ ў Рыме, якія чэрпаюць сваё натхненне з усходняй іконы “Успення”, паказаны апосталы, якія папярэджаныя анёламі аб заканчэнні зямнога шляху Маці Езуса, сабраліся вакол яе ложа. У сярэдзіне Езус, які трымае на руках дзяўчынку: гэта Марыя, якая стала “малой” для Валадарства Божага і якую Пан вядзе на неба. У сённяшняй літургіі на старонках Евангелля св. Лукі мы чытаем, што “Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды” (Лк 1,39). У тыя дні Марыя спяшаецца з Галілеі ў маленькі гарадок недалёка ад Ерузалема, каб наведаць сваю стрыечную сястру Альжбету. Сёння мы разважаем яе ўзыходжанне ўверх да Бога і ўваход у нябесны Ерузалем, “апранутая ў сонца, і месяц пад ступнямі ног яе, а над яе галавою вянец з дванаццаці зорак” (Ап 12,1).

Біблійныя старонкі Апакаліпсіса, якія чытаюцца ў літургііі сённяшняй урачыстасці, распавядаюць аб барацьбе паміж жанчынай і цмокам, паміж дабром і злом. Здаецца св. Ян прапануе нам нанава першыя вершы Кнігі Быцця, якія апавядаюць аб цёмнай і драматычнай гісторыі граху Адама і Евы. Нашы продкі былі пераможаны злом. У паўнаце часоў Езус, новы Адам, і Марыя, новая Ева, да канца перамагаюць ворага. Разам з перамогай Езуса над злом, пераадолена таксама ўнутраная і фізічная смерць. Марыя была першай, хто ўзяў у рукі Божага Сына – Езуса, які стаў дзіцём. Цяпер яна першая побач з Ім у хвале нябеснай.

Гэта вялікая таямніца, якую мы сёння адзначаем, таямніца надзеі і радасці для ўсіх нас: у Марыі мы бачым мэту, да якой імкнуцца ўсе тыя, хто здольны звязаць сваё жыццё з жыццём Езуса, якія жадаюць рушыць услед за Ім, як Марыя. Гэта свята гаворыць аб нашай будучыні, кажа нам, што мы таксама будзем з Езусам у радасці Божай і запрашае нас да мужнасці, да веры ў тое, што сіла Уваскрасення Хрыста можа дзейнічаць у нас і зрабіць нас людзьмі, якія кожны дзень імкнуцца жыць як уваскрослыя, узносячы ў цемры існуючага ў свеце зла – святло дабрыні”.

Пасля малітвы “Анёл Панскі” і благаслаўлення Святы Айцец традыцыйна прывітаў усіх сабраных на розных мовах.







All the contents on this site are copyrighted ©.