2011-08-14 14:02:45

Святы Айцец перад “Анёл Панскі”: вера адкрывае нас да пазнання сапраўднай тоеснасці Езуса


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI падчас сённяшняга разважання перад малітвай “Анёл Панскі” нагадаў вернікам аб патрэбе інвеставання ў сваю веру, адкрытасці і прыняцця Божага дару. 14 жніўня, апоўдні, Пантыфік, як і ў кожную летнюю нядзелю, сустрэўся з вернікамі ў двары сваёй летняй рэзідэнцыі ў Кастэль Гандольфа на марыйнай малітве.

Дарагія браты і сёстры, - звярнуўся да сабраных Папа -

Урывак Евангелля гэтай нядзелі пачынаецца з указання рэгіёну, па якім падарожнічаў Езус: Тыра і Сідона на паўночным захадзе Галілеі – язычніцкай зямлі. І менавіта тут ён сустракае ханаанскую жанчыну, якая звяртаецца да Яго, просячы аб вылячэнні сваёй дачкі, апанаванай злым духам (пар. Мц 15, 22). Ужо ў гэтай просьбе мы можам бачыць пачатак шляху веры, якая праз дыялог з Боскім Настаўнікам расце і ўмацоўваецца. Жанчына не баіцца звярнуцца да Езуса: “Змілуйся нада мною” – гэта выраз, які можна сустрэць у псальмах (пар. 50 [51]), называе яго “Пан” і “Сын Давіда” (пар. Мц 15, 22), паказвае, такім чынам, цвёрдую надзею, што будзе пачута. Якая пастава Пана перад тварам гэтага крыку болю? Маўчанне Езуса можа здацца трывожным, тым больш што ён правакуе рэакцыю вучняў, але справа тут не ў абыякавасці да болю гэтай жанчыны.

Св. Аўгустын, так каментуе гэта: “Хрыстус быў абыякавы да яе не з-за адмовы ад міласэрнасці, але каб запалымнела ў ёй жаданне” (Казанне 77,1: PL 38, 483). Знешняя абыякавасць Езуса, які кажа: “Я пасланы толькі да загінуўшых авечак з дому Ізраэля” (в. 24), не знеахвочвае ханаанкі, якая настойвае: “Пане, дапамажы мне” (в. 25). І нават калі яна атрымлівае адказ, што, здаецца, пагасіць усе надзеі: “Нягожа забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам” (в. 26) – не здаецца. Не хоча ні ў кога нічога забіраць, у яе прастаце і пакоры ёй хопіць няшмат, ёй дастаткова крошак хлеба, ёй хопіць аднаго погляду, аднаго слова Божага Сына. І Езус, у захапленні ад адказу такой вялікай веры, гаворыць ёй: “Няхай станецца табе, як жадаеш” (в. 28).

Дарагія сябры, і мы пакліканы ўзрастаць у веры, каб адкрыцца і прыняць у свабодзе Божы дар. Гэта шлях, які Езус пакінуў сваім вучням для рэалізацыі, ханаанке, усім людзям усіх часоў і народаў, кожнаму з нас. Вера адкрывае нас да пазнання і прыняцця сапраўднай тоеснасці Езуса, Яго навіны і выключнасці, Яго Слова, да жыцця у асабістых адносінах з Ім. Пазнанне веры – гэта дар Бога, які адкрывае нам сябе не як абстрактны аб'ект, без твару і імя, але як чалавек, які хоча ўвайсці ў глыбокія адносіны любові з намі і пранікаць ўсё наша жыццё. Таму кожны дзень наша сэрца павінна жыць досведам навяртання, пераходзіць ад чалавек, сканцэнтраванага на самім сабе, да чалавека адкрытага на дзеянне Бога, да чалавека духоўнага (пар. 1 Кар 2,13-14), які дазваляе Божаму Слову вучыць сябе і адкрывае сваё жыццё на Яго любоў.

Дарагія браты і сёстры, давайце ажыўляць кожны дзень нашу веру глыбокім слуханнем Божага Слова, карыстаннем сакрамэнтамі, асабістай малітвай і міласэрнасцю да бліжніх. Будзем заклікаць заступніцтва Панны Марыі, слаўнае Унебаўзяцце якой у духу і целе, мы будзем адзначаць заўтра, каб дапамагла нам абвяшчаць і сведчыць жыццём аб радасці сустрэчы з Панам”.

Пасля марыйнай малітвы і апостальскага благаслаўлення, Святы Айцец прывітаў пілігрымаў на розных мовах.







All the contents on this site are copyrighted ©.