2011-08-14 13:19:38

Беларусь: Браслаў рыхтуецца прыняць тысячы пілігрымаў


RealAudioMP3 Прыазёрны Браслаў рыхтуецца адзначыць урачыстасць сваёй самай шанаванай святыні – абраза Маці Божай Браслаўскай, які каранавалі папскімі каронамі ў 2009 г. Мерапрыемствы пачнуцца ў наступную пятніцу, а пакуль у горадзе чакаюць маладых людзей з усёй Беларусі.
Ужо стала традыцыяй – напярэдані свята праходзіць сустрэча моладзі. Сёлета – шосты раз. Пачатак – 17 жніўня. Звычайна каля 300 чалавек прымаюць удзел у форуме. Праграма яго разнастайная: канферэнцыі, катэхезы, а таксама заняткі па інтарэсам – малітоўныя, танцавальныя, песенныя, нават спартыўныя (адбудзецца футбольны матч). Увогуле арганізатары прапануюць шмат карыснага – і для роздуму, і для адпачынку. Новыя веды ўдзельнікі прадэманструюць падчас гала-канцэрта, які стане завяшальным акордам сустрэчы моладзі і пачатковым для урачыстасці Маці Божай Браслаўскай. Знамянальна, што ў гэтым годзе моладзь будзе духоўна лучыцца са сваімі аднагодкамі ў Мадрыдзе, дзе адначасова з браслаўскай сустрэчай будуць праходзіць Сусветныя дні моладзі.

Амаль эстафета – свята Маці Божай Валадаркі азёраў пачнецца 19 жніўня. У 18.00 гадзін св. Імшу будзе цэлебраваць Біскуп Віцебскі Уладзілаў Блін. Браслаў у гэту ноч спаць не будзе – падзеі адна за другой. Апоўначы з касцёла на Замкавую гару пройдзе працэсія са свечкамі. Яе ўзначаліць іерарх з Польшчы біскуп Мар’ян Крушыловіч. Потым – малітоўнае чуванне і раняшняя літургія. Св. Імшу ў 11.00 гадзін узначаліць дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоній Дзям’янка. Асноўныя мерапрыемствы пройдуць на вялікім вулічным алтары ў выглядзе карабля, які быў зроблены спецыяльна да ўрачыстасцяў каранацыі абраза.

У гэтыя дні ў горад прыедзе шмат гасцей з усёй Беларусі, Латвіі, Літвы, Расіі. А таксама цэлы калектыў духавога аркестра з Польшчы, які дасць некалькі канцэртаў. Радаснай нотай браслаўскага свята стане думка аб Сусветных днях моладзі ў Мадрыдзе, куды кіруюцца ўжо зараз і беларускія пілігрымы, а сумнай – успамін аб кардынале Казіміры Свёнтку, з дня адыходу ў вечнасць якога міне 30 дзён.







All the contents on this site are copyrighted ©.