2011-08-13 14:15:32

СДМ у Мадрыдзе: Ватыкан як “шарнір паміж удзельнікамі”


RealAudioMP3 “Нават калі Сусветныя дні моладзі арганізуюцца ў большай ступені Ватыканам, іспанцы могуць унесці ў яго ўласныя ідэі”, - сказаў арцыбіскуп Ёзэф Клеменс, сакратар Папскай рады па справах свецкіх, нямецкаму каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву “KNA”. Іерарх з боку Апостальскай Сталіцы з’яўляецца галоўным арганізатарам Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць 16-21 жніўня ў Мадрыдзе. “Рымскі бок дае базавую мадэль. Мы з’яўляемся як бы шарнірам паміж удзельнікамі з усяго свету і мясцовым Касцёлам”, - сказаў арцыбіскуп.

“Іспанцы растаўляюць акцэнты падчас асноўных пунктаў праграмы, такіх як адкрыццё выстаў, цырымоніі сустрэчы Папы, катэхез, начнога чування ў суботу вечарам і Крыжовага Шляху”, - паведаміў ватыканскі іерарх.

Гісторыя Касцёла ў Іспаніі стане адным з самых галоўных акцэнтаў Сусветных дзён моладзі. Паводле арцыбіскупа Клеменса, глыбокія карані веры ў Іспаніі, шматлікія святыя, велічныя саборы і творы рэлігійнага мастацтва, для многіх маладых людзей стануць магчымасцю сканцэнтравацца на сваіх адносінах з Богам.

Іерарх прызнаў, што ў Іспаніі існуе з аднаго боку вялікая група вельмі актыўных вернікаў, а з іншага, ёсць таксама людзі з “больш стрыманым стаўленнем да веры і Касцёла”. У параўнанні з мінулымі Сусветнымі днямі моладзі ў Сіднэі ў 2008 г., Каталіцкі Касцёл у Мадрыдзе з’яўляецца, на думку ватыканскага іерарха, нашмат больш аўтарытэтнай арганізацыяй. “Існуе вялікая колькасць парафій, а таксама ў адукацыйнай і сацыяльнай сферах Касцёл вельмі актыўны”, - адзначыў арцыбіскуп Клеменс.







All the contents on this site are copyrighted ©.