2011-08-13 14:32:32

Сакратар Папскай рады па справах сям'і аб “тэалогіі цела” Яна Паўла II


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Жан Лаффітт, сакратар Папскай рады па справах сям'і, выказаў перасцярогу адносна празмернага акцэнтавання на ідэі сексуальнасці ў так званай “тэалогіі цела” бл. папы Яна Паўла II. Гэта, на думку іерарха, можа прывесці да нівеліравання вымярэння “таямнічасці” у разуменні і вопыце чалавечай і боскай любові.

“Праблема тут у тым, што калі рабіць акцэнт на сексуальнасці, тады амаль немагчыма выйсці за яе межы і зразумець, што радасць і прыгажосць, з ёй звязаныя, з'яўляюцца дарам Створцы, і пры гэтым у больш шырокім сэнсе, чым можа здацца спачатку” , - сказаў арцыбіскуп у інтэрв'ю “СNA”.

Праблема паўстала ў сувязі з нядаўнімі дыскусіямі пра тое, як трэба правільна інтэрпрэтаваць словы нядаўна беатыфікаванага Пантыфіка адносна першапачатковай задумы Створцы аб адносінах паміж мужчынам і жанчынай. Пра гэта памерлы Папа асабліва часта казаў у перыяд з 1979 па 1984 гг. на сваіх штотыднёвых аўдыенцыях.

Арцыбіскуп Лаффітт адзначыў, што хоць ён лічыць цалкам натуральным, што вучэнне “аб сексуальнасці і прыгажосці чалавечага цела” выклікае такую пільную ўвагу тэолагаў і простых вернікаў, аднак, не можа пагадзіцца з тым, што “феномен сексуальнасці” можа быць зразуметы ва ўсёй глыбіні “без уліку усяго кантэксту таямніцы стварэння і цудоўнага паклікання да любові, паводле навучання папы Яна Паўла II”. “Такім чынам, цалкам немагчыма, - працягнуў іерарх, - ізаляваць сексуальнасць ад гэтага, як нельга ізаляваць цела ад гэтай таямніцы, бо інакш мы радыкальна адрываем стварэнне ад Створцы”.

Таксама ён адзначыў, што тэрмін “тэалогія цела” гэта вельмі прыблізны пераклад таго, што першапачаткова называлася “катэхезай аб чалавечай любові” Яна Паўла II. На думку арцыбіскупа, існуе небяспека вульгарызацыі аднаго з ключавых палажэнняў нашай веры, чаго, вядома, усімі спосабамі трэба пазбягаць. “Часам, чытаючы тэксты пра любоў благаслаўлёнага Папы, трэба спыніцца на паўстаронкі і далей не працягваць чытання ... таму што гэта можа стымуляваць жаданне разважаць аб Божым стварэнні. Тут вы датыкаецеся да таямніцы”, - сказаў на заканчэнне іерарх.







All the contents on this site are copyrighted ©.