2011-08-13 16:18:35

Беларусь: усе канфесіі аб’ядналіся для малітвы за жыццё


RealAudioMP3 Заўтра ў Беларусі пачынаецца малітоўная акцыя “Дар жыцця” з удзелам прадстаўнікоў усіх хрысціянскіх канфесій. Акцыя і задумана як агульнабеларуская, шматканфесійная і доўгачасовая. Маліцца аб годнасці чалавечага жыцця арганізатары прапануюць кожную другую нядзелю месяца ва ўсіх каталіцкіх парафіях і запрашаюць далучыцца вернікаў іншых веравызнанняў. Ідэю падтрымаў Мітрапаліт Мінска-Магілеўскі, Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Першы дзень малітвы пройдзе ў інтэнцыі “Перапрашэння за ўчыненыя аборты на нашай зямлі”. Праблема, як кажуць, на першым плане: Беларусь – адна з лідэраў па колькасці абортаў у Еўропе. Святары падчас св. Імшаў будуць маліцца за ненароджаных дзяцей, жанчын, якія здзейснілі грэх аборту і ўсіх людзей, каб памяталі, што жыццё – гэта Божы дар. Пасля яны нагадаюць, што аб гэтым памаліцца можа кожны і не толькі ў храме, але таксама і дома.

Кожны раз тэма будзе змяняцца і загадзя высылацца ўдзельнікам акцыі. Арганізатары мараць аб супольнай міжканфесійнай малітве за ненароджаных дзяцей, якая стала б традыцыяй. Але пакуль спадзяюцца, што да малітоўнай акцыі далучыцца як мага больш людзей, якім гэта неабыякава.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.