2011-08-12 14:49:24

Святы Пасад адзначыць 50-годдзе II Ватыканскага сабора


RealAudioMP3 У наступным годзе спаўняецца 50 гадоў з дня адкрыцця II Ватыканскага сабора, які лічыцца адным з самых значных падзей у сучаснай гісторыі Каталіцкага Касцёла. Папскі камітэт гістарычных навук і Папскі Латэранскі універсітэт рыхтуюць шэраг канферэнцый, прысвечаных сабору.

Дыскусіі аб дзейнасці II Ватыканскага сабора і яго наступствах працягваюцца і сёння. У сувязі з гэтым Святы Пасад вырашыў выкарыстаць надыходзячы юбілей, каб абмеркаваць думкі, рашэнні і наступствы сабора, якія выклікаюць спрэчкі.

З 3 па 6 кастрычніка 2012 г. у Рыме пройдзе міжнародны кангрэс, які арганізуе Папскі камітэт гістарычных навук сумесна з Цэнтрам па вывучэнні II Ватыканскага сабора. Арганізатары маюць намер зрабіць кангрэс месцам, дзе сканцэнтруюцца міжнародныя даследаванні, прысвечаныя гісторыі Каталіцкага Касцёла і II Ватыканскага сабора.

Арганізатары кангрэса імкнуцца да таго, каб дакументы з асабістых архіваў удзельнікаў сабора сталі сусветным здабыткам. Тым самым пашырыцца кантэкст і разуменне рашэнняў сабора, што, на іх думку, дапаможа пераадолець недахопы і аднабаковую інтэрпрэтацыю ў разуменні спадчыны сабора. Міжнародная сустрэча павінна, згодна з намерам арганізатараў, дазволіць падсумаваць вынікі працы ўдзельнікаў сабора. Каталог сабраных дакументаў стане асновай для наступнага кангрэса, прысвечанага 50-й гадавіне закрыцця II Ватыканскага сабора, які пройдзе ў 2015 г.

Іншая ініцыятыва правядзення навуковых канферэнцый, прысвечаных ІІ Ватыканскаму сабору, належыць Цэнтру даследаванняў “II Ватыканскі сабор” Папскага Латэранскага ўніверсітэта. Сумесна з Цэнтрам св. Людовіка Французскага ў перыяд з лютага па май 2012 г. будуць праведзены міжнародныя сустрэчы на тэму “Рэдактура галоўных дакументаў II Ватыканскага сабора. Гісторыя і тэалогія”.







All the contents on this site are copyrighted ©.