2011-08-12 12:40:25

Кангрэгацыя па справах Духавенства зацікаўлена развіццём санктуарыяў


RealAudioMP3 Санктуарыі ўсё яшчэ могуць эфектыўна спрыяць паўстрыманню росту секулярызацыі і паглыбленню рэлігійных практык – такую думку выразілі прэфект і сакратар Кангрэгацыі па справах Духавенства: кардынал Маўра Пьяченца і арцыбіскуп Селсо Морга Іруцубета, у лісце да рэктараў санктуарыяў ва ўсім свеце.

Яны тлумачаць, што ў атмасферы безупыннага пашырэння секулярызацыі санктуарыі застаюцца прывілеяванымі месцамі, дзе чалавек можа адчуць паўнату любові і збаўчую прысутнасць Бога. Удалечыні ад паўсядзённых спраў можа вярнуць там духоўную энергіяю і энтузіязм, і стаць на шлях веры.

У санктуарыях гучыць таксама з вялікай сілай Божае слова, абвяшчэнне якога грае важную ролю ў душпастырстве – тлумачаць аўтары ліста. Па іх словах, розныя формы народнай пабожнасці павінны заўсёды пакідаць “дастаткова месца для пропаведзі і слуханне Божага слова”. Бо ў ім “народная пабожнасць знаходзіць невычэрпную крыніцу натхнення, недасяжныя прыклады малітвы і плённыя тэматычныя прапановы”.

Акрамя таго, у санктуарыі павінны прысутнічаць правільныя суадносіны паміж літургіяй і іншымі формамі пабожнасці, такімі як ружанец, Крыжовы Шлях ці працэсіі, без якіх гісторы хрысціянскай духоўнасці была б беднай. Тым не менш, у цэнтры жыцця кожнага верніка павінна быць Эўхарыстыя. Формы народнай набожнасці не могуць замяніць удзелу ў літургічным кульце – адзначаюць ватыканскія іерархіі.

Эўхарыстыя павінна быць сэрцам сакраментальнага жыцця санктуарыяў. Неабходна таксама змясціць табернакулюм з Найсвяцейшым Сакрамэнтам у месцы, спрыяльным для малітвы і адарацыі.

Санктуарый павінен таксама быць месцам сведчання Божай міласэрнасці. Гэта патрабуе пастаяннай прысутнасці святароў, якія гатовы ажыццяўляць сакрамэнт споведзі. Спаведнікі павінны перыядычна абнаўляць свае веды ў сферы маральнай тэалогіі і біяэтыкі, заўсёды кіравацца, перш за ўсё ў пытаннях сямейнага жыцця, навучаннем Касцёла, і пазбягаць абвяшчэння прыватнага меркаванне і адвольнай ацэнкі, якія не адпавядаюць таму, у што Касцёл верыць і чаму вучыць.

Кардынал Пьяченца і арцыбіскуп Морга заўважаюць, што санктуарыі ўсё яшчэ захапляюць людзей, аб чым сведчыць растучая колькасць пілігрымаў. Часам гэта людзі, якія не маюць моцнай веры або са слабым пачуццём прыналежнасці да Касцёла. Наведанне санктуарыя становіцца для іх каштоўнай магчымасцю сустрэцца з Хрыстом. Таму нішто ў санктуарыях не павінна быць пакінута імправізацыі. Трэба суправаджаць пілігрымаў у евангельскай мудрасці і з вялікай пяшчотай. Варта падумаць таксама аб душпастырскіх прапановах на вечары і ночы, такіх як начныя чуванні і начныя эўхарыстычныя адарацыі – прапанавалі аўтары ліста.







All the contents on this site are copyrighted ©.