2011-08-11 12:40:10

Поўны адпуст для ўдзельнікаў дзён моладзі ў Мадрыдзе


RealAudioMP3 Апостальская Пенітэнцыярыя паведаміла аб тым, што ўдзельнікі Сусветных дзён моладзі ў Мадрыдзе, якія будуць перажываць іх у духу пелігрымавання, могуць атрымаць поўны адпуст. Таксама частковы адпуст маюць магчымасць атрымаць вернікі, якія хоць і не ўдзельнічаюць асабіста ў моладзевым форуме, будуць маліцца аб здзяйсненні духоўнай мэты і шчаслівым зыход сустрэчы.

Спецыяльны дакумент ватыканскай дыкастэрыі атрымаў кардынал Антоніо Марыя Руоко Варэла, арцыбіскуп Мадрыда і старшыня Канферэнцыі Біскупаў Іспаніі. Апостальская Пенітэнцыярыя паведаміла, што Святы Айцец выдаў спецыяльны дэкрэт, у якім гаворыцца аб магчымасці поўнага і частковага адпусту для вернікаў у сувязі з Сусветнымі днямі моладзі.

У дакуменце паведамляецца, што “поўны адпуст могуць атрымаць вернікі, якія будуць шчыра ўдзельнічаць у святых дзеяннях або набожных практыках, што будуць адбывацца ў Мадрыдзе падчас XXVI Сусветных дзён моладзі і падчас іх ўрачыстага закрыцця”. Умовай атрымання поўнага адпусту з’яўляецца споведзь і шчырае пакаянне, прыняцце Святой Камуніі і шчырая малітва ў інтэнцыях Святога Айца.

Частковы адпуст, паводле дэкрэту, “могуць атрымаць усе вернікі, дзе б яны ні знаходзіліся падчас вышэйзгаданага форуму, калі, прынамсі ў духу яны ўздымуць свае малітвы да Бога Святога Духа, каб маладыя людзі ў любові і з моцай прапаведвалі сваім жыццём Евангелле.

Для таго, каб вернікі мелі большую магчымасць атрымаць адпусты, Апостальская Пенітэнцыярыя заклікае святароў зрабіць больш даступным удзел у сакрамэнце пакаяння і арганізаваць адмысловыя набажэнствы за поспех Сусветных дзён моладзі.







All the contents on this site are copyrighted ©.