2011-08-11 14:06:44

Валанцёры Сусветных дзён моладзі ўжо ў Мадрыдзе


RealAudioMP3 Кардынал Антоніо Марыя Руоко Варэла, арцыбіскуп Мадрыда, выказаў падзяку валанцёрам Сусветных дзён моладзі за іх напружаную працу і папрасіў маліцца за ўдалы візіт Бэнэдыкта XVI у сталіцу Іспаніі. Кардынал адправіў 9 жніўня св. Імшу ў цэнтральным бюро сусветнага форуму ў Мадрыдзе, на якой прывітаў тысячы міжнародных валанцёраў, якія ўжо прыбылі ў іспанскую сталіцу.

Ён сказаў, звяртаючыся да 2 тыс. чалавек, што для іх гэта будзе складаны і “гарачы” час, калі яны, магчыма, не змогуць “у поўнай меры атрымаць асалоду ад падзей”. Іерарх падзякаваў маладым валанцёрам за іх гатоўнасць служыць іншым ахвяруючы сваімі жаданнямі і камфортам. Падчас св. Імшы маладыя людзі з розных краін чыталі ўрыўкі Евангелля і пелі фрагменты гімну Сусветных дзён моладзі на родных мовах.

На працягу наступных некалькі дзён, валанцёры будуць падзелены на невялікія групы і размешчаны ў канкрэтных месцах правядзення мерапрыемства па ўсім горадзе. Каля 3 тыс. з іх прайшлі курсы аказання першай медыцынскай дапамогі, эвакуацыі і тэхнікі бяспекі. Маладыя людзі, асістэнты асоб з абмежаванымі магчымасцямі, таксама прайшлі спецыяльную падрыхтоўку.

Больш за 28,5 тыс. валанцёраў будзе дапамагаць на Сусветных днях моладзі з такіх краін як: Польшча, Італія, Мексіка, Францыя, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Славакія, Харватыя, Бразілія, Партугалія, ЗША, Венгрыя, Аргентына і Літва.







All the contents on this site are copyrighted ©.